Ён падтрымліваў Напалеона



7 траўня спаўняецца 260 гадоў з дня нараджэння Юзафа Антона Панятоўскага (1763-1813) — ваеннага і дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, князя, генерал-лейтэнанта польскай арміі (1792), маршала Францыі (1813).

Ён быў з роду Панятоўскіх, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1732-1798), караля польскага і вялікага князя літоўскага.

З 1780 года Юзаф Панятоўскі служыў у аўстрыйскай арміі, з 1788 года –  палкоўнік, ад’ютант імператара Іосіфа II. У 1789 годзе пераехаў у Рэч Паспалітую, удзельнічаў у рэарганізацыі польскай арміі, а з 1788 года камандаваў дывізіяй.

У 1792 годзе Юзаф Панятоўскі камандаваў польскай арміяй, якая абараняла ад расейскіх войск лінію Дняпра і Днястра. Пасля бою пад Зелянцамі 18 чэрвеня 1792 года адступіў да Узяслава, потым вывеў войскі за раку Буг. У знак пратэсту супраць змовы караля з Таргавіцкай канфедэрацыяй, падаў у адстаўку і выехаў у Вену.

Падчас паўстання 1794 года Юзаф Панятоўскі вярнуўся на Бацькаўшчыну і ўдзельнічаў у абароне Варшавы. Пасля капітуляцыі зноў выехаў у Вену. Адмовіўся ад прапаноў Кацярыны II і Паўла I паступіць на расейскую службу. З 1798 года Юзаф Панятоўскі жыў у сваім маёнтку пад Варшавай. У 1806 годзе, калі французскае войска падышло да Варшавы, а прускае пакінула горад, Юзаф Панятоўскі стаў на чале мясцовай міліцыі і падтрымаў Напалеона. Ca снежня 1806 года ён камандаваў адноўленым польскім войскам, а ca студзеня 1807 года –быў ваенным міністрам Варшаўскага княства. Падчас паходу Напалеона ў Расею ў 1812 годзе, Юзаф Панятоўскі камандаваў 5-м корпусам “Вялікай арміі”. У пачатку кампаніі праследаваў 2-ю Заходнюю армію і рухаўся праз Гародню, Нясвіж, Ігумен да Магілёва, які быў узяты без бою. Вызначыўся ў баях пад Смаленскам у жніўні і пад Барадзіно. Падчас адступлення рэшткі корпуса Панятоўскага ўдзельнічалі ў баях пад Вязьмай 22 кастрычніка і на рацэ Бярэзіна 14-17 лістапада. Пасля вываду польскіх войск у Саксонію сфармаваў 8-ы корпус. Вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 года.

За мужнасць Напалеон 16 кастрычніка 1813 года ўзвёў Панятоўскага ў маршалы Францыі і даручыў прыкрываць адыход французскіх войск. Падчас пераправы праз раку Эльстэр ён быў цяжка паранены і патануў. У 1814 годзе прах Панятоўскага перанесены ў Варшаву, а ў 1819 годзе перахаваны ў Кракаве на Вавелі.

Беларускае Радыё Рацыя