Юлія Сліўко: Маю надзею, усе каты, што здзекваліся з нас, будуць пакараныя



Былая старшыня стачкама Гроднапрамбуд, якая вымушала была збегчы з краіны, госця Беларускага Радыё Рацыя Юлія Сліўко адкрыла ў Варшаве салон „Life Beaty Salon”. Мы пагаварылі з ёю пра яе справу, пра тое, як яна спраўляецца з новай для сябе справай у польскай сталіцы:

— Я адкрыла свой бізнес, мы жывём з дзіцём, здымаем кватэру, у прынцыпе ўсё задавальняе, нічога такога кепскага не адбываецца, праца ёсць, жытло ёсць, усё бы і добра.

РР: Чым вы займаецеся?

— Па прыезде ў Варшаву скончыла курсы манікюра і педыкюра. Цяпер у мяне адкрыты бізнес у б’юці-індустрыі, я раблю манікюр-педыкюр.

РР: Колькі ў вас рабочых? Ці вы толькі самі?

— Раней у мяне была працаўніца, але давялося звольніць яе і пакуль я працую адна. Мяне гэта задавальняе, гэта больш прыймальна для мяне, чым браць адказнасць за нейкага чалавека.

РР: Ці выстачае кліентаў?

Кліентаў не бракуе, але гэта такая сфера, дзе ты хочаш расці, і вядома, змяняеш кліентаў, змяняеш кліенцкую базу, і хочацца, каб яна ўвесь час змянялася, таму чакаю кожнага да сябе.

РР: Хто да вас прыходзіць? Больш палякаў ці больш беларусаў?

— На сёння больш палякаў, бо я арыентуюся больш на польскі рынак. І рэклама ідзе больш на польскую аўдыторыю. Але гэта ўвесь час змянялася, калісьці на пачатку было больш беларусаў, калісьці больш украінцаў, а цяпер больш палякаў.

РР: Ці валодаеце польскай мовай?

— Чытаць вершы па-польску з памяці не магу, але пагаварыць пра жыццё, пра манікюр-педыкюр заўсёды магу.

РР: Вы атрымалі статус уцекача, з палітычных матываў аказаліся ў Польшчы. А цяпер ці вы цікавіцеся палітыкай?

— Я заўсёды ёю цікаўлюся. Мая праца, маё жыццё, не значыць, што я ўзяла і выйшла з усяго гэтага так проста — не. Я жыву з тым, што калі проста ўзяць і пайсці ў працу, забыцца пра Беларусь, пра радзіму. Гэта значыць, перагарнуць старонку — я з гэтым не згодная, перагортваць нічога не буду. Я маю надзею, што ўсе нашыя палітвязні выйдуць на волю, а ўсе каты, што здзекваліся з нас, будуць пакараныя за тое, што нарабілі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Аліна Андрыевіч, Беларускае Радыё Рацыя