Юры Казакевіч: Сеткі крамы прызналі экстрэмісцкімі і прымусілі мяне выехаць



Грамадскі актывіст Юры Казакевіч, што быў уладальнікам крамы нацыянальнай сімволікі «Росквіт» ў Баранавічах, быў вымушаны пакінуць Беларусь і цяпер знаходзіцца ў бяспецы ў Сакартвэла (Грузіі).

Што стала адной з прычынай выезду з Беларусі распавядае Юры Казакевіч:

На працягу тых трох сутак, калі я сядзеў у ІЧУ, крама працягвала працаваць.Там працавала мая жонка. Зразумела, яна не была наёмным работнікам, таму што ў нас агульны бюджэт, але яны змаглі прад’явіць менавіта гэта. Палічылі яе наёмным работнікам, бо яна не была аформлена афіцыйна. Значыць, за яе я не плаціў ФСАН. Яны накіравалі справу ў эканамічны суд Берасцейскай вобласці, які адбыўся пару дзён таму. У сувязі з тым, што гэта было толькі тры дні, то яны пастанавілі сканфіскаваць выручку за гэтыя тры дні, гэта было недзе 500 з нечым рублёў.

Па словах Юрыя, самай вялікай праблемай стала тое, што краму зачынілі, а яе сацыяльныя сеткі прызналі экстрэмісцкімі:

За папярэднія тры тыдні перад ад’ездам спачатку прадукцыя інтэрнэт-старонак была прызнаная экстрэмісцкай, праз тыдзень была прызнаная экстрэмісцкай прадукцыя крамы. І стала зразумела, што наступным крокам стане з’яўленне эсктрэмісцкай групы. І гэта мяне вымусіла з’ехаць у эміграцыю, бо я зразумеў, што на свабодзе мяне не пакінуць.

Апроч самога Юрыя Беларусь пакінулі яго жонка і дачка. Жонка цяпер у пошуках працы, а дачка хутка мусіць пайсці вучыцца ў грузінскую школу.

Беларускае Радыё Рацыя