Юрый Санько: За комплекс Чырвонага касцёла змагаемся ў прававым полі і малітвамі
На імя пробашча Чырвонага касцёла ў Менску прыйшоў ліст з патрабаваннем вызваліць не толькі будынак касцёла, але і будынак плябаніі да 13-га кастрычніка ды перадаць камплект ключоў уласніку.

Гатовасць адстаяць комплекс касцёла для вернікаў пацвердзіў прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ксёндз Юрый Санько:
– Не сакрэт, што парафія Чырвонага касцёла найбуйнейшая не толькі ў Менску, але, напэўна, і ў нашай архідыяцэзіі, калі больш за тысячу дзяцей наведвала толькі катэхезу. Нават маючы такія лічбы, можна сабе ўявіць, якія складанасці маюць парафіяне, якія не маюць будынка, не маюць доступу ў класы, каб навучацца рэлігіі, каб рыхтавацца да сакрамантаў. Мы шукаем усё ж кампрамісу і канструктыўнага дыялогу. Мы нязгодныя, мы просім, каб усё было ў прававым полі – дыялог і ўся праца.
Паводле Юрыя Санько, 13-га кастрычніка ўсе ахвотныя запрашаюцца ў менскі архікатэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі на ўрачыстую Імшу з нагоды дня нараджэння фундатара Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча на знак салідарнасці з парафіяй касцёла. Пачатак а 18.30.




Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара, Юрыя Санько і з адкрытых крыніц