Юрыст распавёў пра тэндэнцыі ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь



Дадатковыя абмежаванні і забароны. Так юрыст каментуе новыя папраўкі ў закон пра СМІ. Іх дэпутаты беларускага парламенту ўхвалілі ў першым чытанні. Ён стаў яшчэ больш рэпрэсіўным.

У Закон пра СМІ, прыняты ў 2008 годзе, перыядычна дадавалі змены, апошні раз – у 2021-м. У Беларускай асацыяцыі журналістаў лічаць, што гэта – імітацыя якой-кольвек карыснай дзейнасці. Неабходнасць чарговых карэктываў так званыя «народныя абраннікі» абумовілі «новымі выклікамі і пагрозамі беларускай дзяржаве». Тэндэнцыі гэтых паправак акрэсліў юрыст, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.

– Тэндэнцыі, якія наша дзяржава дзесяцігоддзямі распрацавала і працуе далей выключна ў гэтых тэндэнцыях. Гэта тэндэнцыі па абмежаванні свабоды выказвання, абмежавання распаўсюду інфармацыі. Я не памятаю ані аднаго кроку, які быў бы накіраваны на нейкую лібералізацыю. Усё што робіцца – дадатковыя абмежаванні і забароны і адказнасць за іх парушэнне.

Падчас абмеркавання ў парламенце дэпутаты казалі пра неабходнасць абараняць нацыянальную інфармацыйную прастору Беларусі, патрабавалі абмежаваць дзейнасць медыяў недружалюбных краінаў, заклікалі ануляваць так званыя «экстрэмісцкія» сродкі масавай інфармацыі.

Беларускае Радыё Рацыя