З 70-гадовай пенсіянеркі хочуць спагнаць 1,5 тысячы рублёў за абразу міліцыянта
У судзе Кобрыньскага раёна пачаўся суд па крымінальнай справе 70-гадовай пенсіянеркі з Кобрыні Антаніны Мартыненкі. Жанчыну абвінавачваюць па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – абраза прадстаўніка ўлады. Мартыненка яшчэ ў 2020 годзе напісала ў інтэрнэце пад інфармацыяй пра міліцыянта слова «мразь». Цяпер, так бы мовіць, пацярпелы патрабуе паўтары тысячы кампенсацыі маральнага ўрону. Судовы працэс адкладзены на 29 чэрвеня, таму што абвінавачаная атрымала павестку менш, чым за 5 сутак да суда, кажа адзін з кобрынскіх актывістаў:
-Такіх каментароў у нашай краіне вельмі шмат. Двухгадовай даўніны гэтыя рэчы пачынаюць паднімаць. То бок, ідзе помста ад тых, хто зараз захапіў уладу. Што тычыцца маральных шкодаў за такія каментары, мне падаецца, яны пастаўленыя на паток у нашай дзяржаве. І супрацоўнікі праваахоўных органаў фактычна вельмі добра паляпшаюць сваё матэрыяльнае становішча.
Паводле актывіста, за адарваную нагу і сапсаванае жыццё чалавеку маральны ўрон складае ўсяго 10 000 рублёў, а за адно слова на адрас міліцыянта – 1500.
Судовы працэс вядзе суддзя Ала Богнат.
Па просьбе адваката абвінавачанай, насуперак пратэсту пракурора Сяргея Мяшэчкі, суд перанеслі на 29, хаця тэрмін разгляду справы заканчваецца 28 чэрвеня.
Беларускае Радыё Рацыя