З Берасця ў Менск: Хлебаздача большае, але нацыяналісты зрываюць 100% план
Праз усё існаванне краіны Саветаў чырвонай стужкай праходзіла выразная праблема – накарміць “савецкіх людзей”. То паслярэвалюцыйная разруха, то штучны галадамор 1930-х гадоў, то жудасны стан па завяршэнні Другой сусветнай вайны. Нават у часы кіравання Хрушчова і Брэжнева перабоі – знікненне і падвышэнне коштаў на мясныя вырабы, хранічны дэфіцыт, а ў Гарбачоўскую “перабудову” бы пасля вайны да талонаў дакаціліся…
У нечым гэтая праблема паскарала крах СССР, але гісторыя крыху пра іншае, хоць і звязаная з харчовай тэмай. Здзейснім невялічкае падарожжа ў мінулае, адкруцім на календары 75 гадоў таму – канец верасня 1946 года, тагачасная Берасцейская вобласць Савецкай Беларусі.

Сакратар Берасцейскага абласнога камітэта Кампартыі Іван Багданаў паведаміў вышэйшаму кіраўніцтву ў Менск “аб палітычным настроі насельніцтва вобласці ў сувязі з хлебапастаўкамі”. Пачаў інфармацыю партыйны функцыянер са станоўчага: “У бягучым 1946 годзе сялянскія гаспадаркі, а таксама калгасы вобласці дружна і арганізавана прыступілі да выканання сваіх абавязкаў перад дзяржавай па хлебаздачы. Нягледзячы на тое, што ўраджай у бягучым годзе ніжэйшы за леташні, а памер хлебапаставак вышэйшы, асноўная частка сельскага насельніцтва прасякнута пачуццём адказнасці перад дзяржавай за выкананне плана хлебапаставак ва ўстаноўленыя ўрадам тэрміны, і да хлебапаставак ставяцца больш сур’ёзна, чым у 1945 годзе. Пра гэта сведчаць лічбы: у 1945 годзе на 20 верасня з агульнага плана хлебаздачы з улікам фонду Чырвонай Арміі было здадзена 13769 тон хлеба, або 69, 1%, у 1946 годзе на 20 верасня з плана 28946 тон здадзена 22 73 тоны, што складае 79% гадавога плана. Шарашоўскі раён (цяпер частка Пружанская раёна – аўт.) ужо цалкам разлічыўся з дзяржавай і працягвае звышпланавую здачу хлеба, ім здадзена больш плана на 180 пудоў хлеба. Аднак нараўне з лепшымі раёнамі па хлебапастаўках, як Дамачэўскі (97 %), Пружанскі (92 %), Бяразоўскі (86 %), яшчэ цэлы шэраг раёнаў па-ранейшаму працягваюць адставаць: Ружанскі (65%), Маларыцкі (70%), Высокаўскі (72%), Кобрынскі (72%)…”.

Як не круці, але вобласць плана не дадавала. Таварыш Багданаў знайшоў на каго наракаць акрамя надвор’я, бо “ворагі народа” не спяць: “Апроч фактаў адкрытага дзеяння антысавецкі настроенай часткі насельніцтва па-ранейшаму працягваюць сваю працу падпольныя банды нацыяналістаў…”.
У чым гэта выяўлялася і як замінала хлебанарыхтоўцы? Між іншага сакратар абкама пажаліўся ў Менск, што ў ноч з 30 на 31 жніўня ў раёне Дзівіна і вёсцы Павіцце Дзівінскага раёна (цяпер частка Кобрынскага раёна, – аўт.) былі расклеены на бачных месцах: тэлеграфных слупах, памяшканнях дзяржустаноў, нават на кватэры старшыні раённага Савета дэпутатаў і сакратара раённага камітэта Кампартыі (!!!), антысавецкія ўлёткі. У агітацыйных матэрыялах падпольшчыкі заклікалі палешукоў не здаваць хлеб савецкай дзяржаве, крытыкавалі кіраўнікоў партыі і ўрада. Усяго чэкісты выявілі 85 расклеіных улётак, якія ўсе былі напісаныя ад рукі. У ходзе аператыўных мерапрыемстваў міліцыянты затрымалі двух дзяўчат, якія прымалі ўдзел у акцыі антысавецкага падполля. Можна толькі ўявіць, што іх чакала… арышт і лагеры. Аналагічныя ўлёткі, ў такі ж перыяд, з’явіліся і ў Маларыцкім раёне.

Ці маглі гэтыя заклікі паўплываць на такі адсотак людзей? Нават калі верыць афіцыйным лічбам па няздачы хлеба сялянамі, бо верагодна яны болей, партыйна-савецкі апарат вельмі любіў прыпіскі на сваю карысць. Канечне, магчыма нейкая частка па ідэйным меркаванням праігнаравала мерапрыемства камуністаў. Але падаецца куды больш праўдападобным, што асабліва і не было каму здаваць. Хто ад моманту вайны застаўся на вёсцы, хто цягнуў гаспадарку, калі амаль усё працаздольнае мужчынскае насельніцтва апынулася на фронце і не будзем зараз разбяраць, па які бок. Гінулі хлопцы! Клалі свае галовы снапамі. Абрабляць родную зямлю засталіся жанчыны, нямоглыя старыя ды дзеці.

Як тут не прыгадаць словы фатографа, эколага Аляксея Дуброўскага (1945-2011): “Нельга прайсці міма вясковых бабулек. У мяне да іх асаблівыя адносіны. Самога расціла бабуля, і зараз яны мне дарагія і мілыя. Але так мала сказана аб іх і расказана. Няма ў нашай дзяржаве людзей, якім трэба так нізка пакланіцца. На сваіх руках і плячах яны моўчкі вынеслі вайну, аднавілі гаспадарку. Я памятаю, як яны, маладыя, запрагаліся ў плугі і аралі свае агароды. Запрагалі кароў і аралі калгасную ніву, каб выратаваць народ, сваіх дзяцей і ўнукаў, пакінутых пасля вайны без бацькоў, ад голаду…”.
Вось з каго партыйна-савецкія апаратчыкі намагаліся выбіць хлеб, за чыімі плячыма выконвалі план, робячы сабе кар’еру, а краіну Саветаў так і не змаглі ўдосталь накарміць.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, фотаматэрыялы: inbelhist.org.



