З-пад Лісічанска не вярнуліся шэсць беларусаў-каліноўцаў



Адбылося гэта 26 чэрвеня. Група беларусаў з палка Каліноўскага апынулася на шляху значнай калоны расейскіх войскаў і дала бой. „Накрылі ўсім, апроч ядзернай зброі. Частка беларусаў разам з „Брэстам” прыкрыла адыход іншай паловы групы, „Брэста” сур’ёзна параніла ў нагу і галаву, у гэтым баі ён знішчыў як мінімум адзін фашысцкі танк”, — кажуць сведкі падзей. Да апошняга заставалася спадзяванне, што хтосьці выжыў, і было няясна, хто выжыў. Таму доўга інфармацыя не публікавалася ў медыях. На сёння вядома, што частка байцоў загінула, а частка трапіла ў палон.

Іван Марчук быў тварам Палка Каліноўскага. Фота тэлеграм-канала @belwarriors

Іван „Брэст” Марчук паехаў абараняць Украіну яшчэ ў 2014 годзе. Далей служыў у французскім Замежным легіёне.

З пачаткам вайны Марчук стаў тварам беларускага злучэння імя Кастуся Каліноўскага, якое спачатку было батальёнам, а пасля разраслося да палка. Менавіта на заклік яго голасу адгукнуліся сотні беларусаў.

На пытанне, навошта ён зноў пайшоў ваяваць, „Брэст” адказваў: „А як можна не ваяваць? Гэта святая вайна — вайна за свабоду”.

Марчук лічыў, што адметнасць гэтай вайны ў тым, што «столькі грамадзянскіх уцягнуты ў гэты жах», а самы складаны бой яшчэ чакае яго наперадзе — той бой, у якім ён загіне.

Марчука ідэнтыфікавалі на фота, апублікаваным расейскім ваенкарам 30 чэрвеня.

Полк Каліноўскага паведамляе ў фэйсбуку:

З першых дзён вайны ён стаяў на абароне Украіны ад расейскай агрэсіі і быў у вытокаў заснавання Палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, рашучага і самаадданага чалавека, які за кожнага свайго байца быў гатовы на ўсё. Брэст меў выключны аўтарытэт сярод ваяроў Палка. Акрамя гэтага ён быў адданым сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню вольнай Беларусі. Гэта вельмі вялікая і балючая страта для нас усіх”.

Іван „Брэст” Марчук

Разам з Марчуком з задання не вярнулася яшчэ пяць чалавек. Полк паведамляе, што на дадзены момант у іх дачыненні вядуцца пашуковыя дзеянні. Гэта самыя вялікія страты, разава зазнаныя беларускім злучэннем на вайне супраць расейскага фашызму.

Усяго на гэты момант у розных злучэннях на ўкраінскім баку загінулі 7 беларускіх добраахвотнікаў. Усяго ў беларускія злучэнні падалі дакументы каля 1500 беларусаў. 

5 ліпеня ў адным з расейскіх тэлеграм-каналаў з’явілася відэа з узятым у палон Янам Дзюрбейкам, пазыўны „Тромблі”, з пасёлка Лясны пад Менскам. Канал сцвярджае, што ён не адзін палонены.

Паколькі наш баец з’яўляецца кантрактным вайсковаслужбоўцам, а не наймітам, ён афіцыйна зʼяўляецца вайсковапалонным”, — гаворыцца ў паведамленні Палку Каліноўскага, размешчаным у яго тэлеграм-канале.

Мы прыкладаем усе магчымыя сродкі і намаганні, каб павярнуць нашых хлопцаў назад і не спынімся ані перад чым. У адпаведнасці з загадам, атрыманым нашымі ваярамі, у выпадку трапляння ў палон, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, яны павінны казаць тое, што хоча ад іх пачуць вораг„, — дадае Полк.