З палітвязнем Генадзем Смірновым знікла сувязь
Як паведаміла „Вясна”, родных палітвязня Генадзя Смірнова з Ляхавіч турбуе знікненне з ім сувязі.

Ён адбывае пакаранне ў шклоўскай калоніі №17. Былы палітвязень калоніі Андрэй паведаміў, што Генадзь быў змешчаны ПКТ – памяшканне камернага тыпу. Перад гэтым яго некалькі разоў каралі ШІЗА. Адміністрацыя калоніі запісала яго ў злосныя парушальнікі рэжыму, кажа Андрэй:
– Калі Гена ўжо знаходзіцца ў ПКТ, то значыць у адміністрацыі ўжо з’явілася жаданне адправіць яго на турму ці на строгі рэжым з дадатковым тэрмінам. Гена вельмі прынцыповы, вельмі ўпарты. На кампрамісы не пойдзе, пад сітуацыю, пад кагосьці падстройвацца ён не будзе. Ён пахудзеў, высах, жылы тырчаць.
Генадзя Смірнова разам з сынам Вячаславам абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі, а Генадзя – яшчэ і ў супраціве міліцыянтам. Генадзь пакараны 2,5 гадамі калоніі, а Вячаслаў – 2 гадамі „хіміі”. Дома засталася хворая маці і дачка.
Беларускае Радыё Рацыя