За данат палку Каліноўскага гамяльчанку асудзілі на тры гады калоніі
У Гомельскім абласным судзе асудзілі былую менеджарку кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння Анастасію Петрачэнка.

Як пішуць праваабаронцы, дзяўчыну асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму. Гамльячанку абвінавацілі ў „фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці” (ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Руслан Царук.
Прычынай пераследу стала тое, што дзяўчына пералічыла грошы палку імя Кастуся Каліноўскага ва Украіне. Падраздзяленне складаецца з беларускіх дабраахвотнікаў, якія ваююць за незалежнасць Украіны. Беларускія ўлады прызналі яго „экстрэмісцкім фармаваннем”.
Дзяўчыну затрымалі ў кастрычніку 2022 года і з таго часу трымаюць у гомельскім СІЗА №3. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.