За данат у 20 даляраў менчука асудзілі на пяць гадоў
Пяць гадоў калоніі прысудзілі ў Менскім гарадскім судзе палітвязню Паўлу Харытонаву. 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка прызналі вінаватым у „фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці”.

Прысуд Жана Брысіна вынесла яшчэ 23 студзеня, але пра вынік суда стала вядома толькі цяпер, адзначаюць у праваабарончым цэнтры „Вясна”.
Харытонаў пералічыў на адну з ініцыятыў 20 даляраў яшчэ ў 2021 годзе — да таго, як яе прызналі „экстрэмісцкім фармаваннем”. Па справе адбылося восем пасяджэнняў, яе разглядалі два месяцы — з лістапада 2022-га па студзень 2023-га.
„Усе сукамернікі, у тым ліку палітзняволены адвакат Аляксандр Данілевіч, казаў Паўлу, што яго абвінавачванні разваляцца і ён пойдзе дадому. Таму што тая арганізацыя, у якую ён зрабіў данат, не была прызнаная „экстрэмісцкім фармаваннем” на момант пераліку”, — кажа былы сукамернік Паўла. Аднак суд вырашыў іначай.