За пікет у сацсетках і распаўсюд «экстрэмізму» ў Полацку арыштавалі будаўніка з Масквы



Суддзя суда Полацкага раёна і г. Полацка Уладзімір Бясецкі 16 жніўня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках і недазволенае ўладамі пікетаванне арыштаваў на 25 сутак жыхара аграгарадка Гараны, бацьку траіх непаўналетніх дзяцей, які працуе будаўнікам у маскоўскай кампаніі Вадзіма Берднікава.

Затрыманне «правапарушальніка» адбылося пасля таго, як ягоны сусед Пётр Дударонак данёс у міліцыю аб тым, што на назе ў Берднікава ёсць татуіроўка ў выглядзе герба «Пагоня».

Пры затрыманні Берднікава было ўстаноўлена, што ў яго сапраўды на ікры правай нагі ёсць татуіроўка з выявай герба «Пагоня».

Пры разглядзе справы ў судзе, таксама было ўстаноўлена, што Вадзім у сацыяльнай сетцы «УКантакце» на сваёй старонцы, 10 снежня 2020 г. размясціў і захоўваў інфармацыю, якая змяшчае лагатып «TUT.ВY», які ўлады ўключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Крыніца: Віцебская Вясна.