За тыдзень колькасць палітвязняў з Берасцейшчыны засталася нязменнай



250 – за тыдзень колькасць палітвязняў з Берасцейшчыны засталася нязменнай. Прызналі яшчэ аднаго чалавека палітвязнем, а адзін выйшаў на волю ў сувязі з адбытым тэрмінам пакарання.

Да спісу быў дададзены палітвязень Віктар Петручэня. Жыхар Берасця быў затрыманы ў сярэдзіне снежня 2022 года. Яго абвінавацілі ў перадачы звестак у „Чорную кнігу Беларусі”, а менавіта ў праект, які збірае дадзеныя аб датычных да рэпрэсій, або артыкул 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — „Распальванне варожасці ці варажнечы”. Вядома, што зараз знаходзіцца ў СІЗА №1. Пра суд пакуль што звесткі адсутнічаюць.

Цалкам адбыла пакаранне і выйшла на волю палітвязень Алена Лысковіч. Яе разам з дачкой раней прыгаварылі да «хіміі» па «карагоднай справе». Акцыя прайшла ў Берасці 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы вадзілі на скрыжаванні дарог карагод – пакуль іх не разагнаў вадамёт. Адметна тое, што дачцэ Алены Лысковіч удалося збегчы з „хіміі” ў Літву, дзе яна цяпер знаходзіцца ў бяспецы.

Беларускае Радыё Рацыя