За выраз „Без Лукашэнкі!” мужчыну асудзілі на 1,5 года „хіміі”



30 чэрвеня у судзе Ленінскага раёна Берасця на 1,5 года „хіміі” асудзілі 48-гадовага жыхара Жабінкі Вячаслава Бычынскага. Ягоную справу разгледзеў суддзя Дзмітрый Шурын. Ён прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.  

Вядома, што да суда мужчына знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Бычынскага прызналі вінаватым у тым, што ён сарваў пікет супраць дзеянняў польскіх уладаў па зносу помнікаў воінам-вызваляльнікам часоў вайны 1941-45 гг. Яго 19 красавіка 2022 года праводзілі актывісты мясцовага БРСМ каля консульства Польшчы ў Берасці. У прыватнасці, бок дзяржабвінавачання быў упэўнены, што Бычынскі груба парушаў грамадскі парадак і выказваў відавочную непавагу да грамадства, дзейнічаючы з выключным цынізмам. У тым ліку, ён выкрыкваў „зневажальныя” выказванні, а таксама „рэплікі з выкарыстаннем нецэнзурнай лексікі ў бок удзельнікаў пікета„.

Вядома, што праходзячы міма пікета, на якім актывісты крычалі „Мы гордимся, мы помним”, мужчына выкрыкнуў „Без Лукашэнкі!”.

spring96.org