Затрымалі мужчыну, якога абвінавачваюць у стварэнні пратэснага самвыдата
Затрыманага клічуць Андрэй Фамін, яму 28 гадоў. Ён родам з Магілёва, але жыў у Менску. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Працаваў капірайтэрам.

У відэа ён кажа, што нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі газет «Веснікі». Згодна з інфармацыяй ад актывістаў ініцыятывы ByProsvet, якая займаецца распаўсюдам пратэснага самвыдата, Андрэй не меў доступаў да акаўнтаў газетаў і не ведаў тых, хто распаўсюджвае іх у Беларусі. Акаўнт «Веснікаў» таксама незахоплены.
Аўтары канала заяўляюць, што раней былі затрыманыя кур’еры, пасля выдаўцы.
«Веснікі» — гэта колішняя сетка абласных пратэсных газет, створаная ў верасні 2020 года. Сёлета яна аб’ядналася ў газету «Беларускі веснік». Друкуюць і распаўсюджваюць газеты актывісты дваравых чатаў і лакальных ініцыятываў.
