Затрыманы адзін з вядомых людзей Віцебшчыны

У Мёрах сярод затрыманых віцебскім ГУБАЗікам з АМАПам трапіў і Вітольд Ермалёнак (1954) – краязнавец, настаўнік, гісторык.
Сваё жыццё ён поўнасцю прысвяціў любімай прафесіі. I, канешне ж, недарэмна. Вітольд Антонавіч адкрыў некалькі музеяў у СШ 3 г. Мёры, заснаваў археолага-краязнаўчы гурток «Арганаўты мінулага», напісаў 450 публікацый. Ён з’яўляецца адным з аўтараў кнігі «Памяць» Мёрскага, Браслаўскага, Глыбоцкага раёнаў. Напісаў і выдаў кнігі «Чароўных вандровак пярсцёнкі», “Цярністы шлях паўстанца-скульптара”, “Паляўнічыя за таямніцамі”, “Святыня над возерам” і іншыя.
Настаўнік атрымаў вялікую колькасць узнагарод, сярод якіх вылучаецца прэмія прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (1999). Ён быў прызнаны “Чалавекам года Віцебшчыны” (2010), стаў выдатнікам асветы (2009) і г.д. Затрыманы таксама і яго сын, настаўнік гісторыі, Антон Ермалёнак.
Затрыманне Вітольда і Антона Ермалёнкаў паказвае, што ідзе мэтнае знішчэнне беларускай творчай інтэлігенцыі, прадстаўнікоў беларускай педагогікі, культуры, літаратуры, гісторыі.
Беларускае Радыё Рацыя