Затрыманых музейшчыкаў Полацка караюць адміністрацыйнымі арыштамі
Затрыманых работнікаў Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка працягваюць караць адміністрацыйнымі арыштамі.

Як стала вядома „Позірку”, 30 сакавіка ў судзе Полацкага раёна і горада Полацка 15 сутак прысудзілі былой супрацоўніцы запаведніка Алене Ходзікавай.
31 сакавіка на 15 сутак арыштавалі старэйшых навуковых супрацоўнікаў запаведніка Касцючэнку і Шыбко (імёны невядомыя).
Супрацоўнік музея кандыдат філасофскіх навук Ігар Бортнік таксама пакараны 10 суткамі арышту, а фатограф Ігар Супранёнак — 15 суткамі.
Крыніца „Позірку” удакладніла, што ў Бортніка „доўгая і складаная рэабілітацыя пасля не вельмі ўдалай аперацыі па лячэнні міжпазваночнай грыжы”.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, затрыманых абвінавачваюць у „распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт.19.11 КаАП), каментарах і лайках у сацсетках і мэсэнджарах.