Заўважна актывізаваліся вайскоўцы ў памежнай зоне



Пасля слоў Аляксандра Лукашэнка пра тое, што Лунінец і Мазыр знаходзяцца пад імавернай пагрозай удараў з боку Украіны, на аэрадроме ў Лунінцы пачаліся вучэнні. Таксама авіятрэніроўкі адбываюцца ў Баранавічах, Мачулішчах, Лідзе ды Бабруйску. Заўважна актывізаваліся вайскоўцы і ў памежнай зоне.

Праваабаронца з Пінска Алесь Рамановіч адзначае, што на памежжы напружанасць застаецца ўвесь гэты час, але насельніцтва ўжо адаптавалася:

– Першы шок ужо прайшоў, ужо колькі месяцаў гэта ўсё адбываецца. Людзі ўжо неяк прызвычаіліся да гэтага. Тэма, канешне, усё ж такі людзей цікавіць, людзі абмяркоўваюць менавіта гэта. Адны кажуць, што ВСУ больш вінавата, што Україна сама вінаватая, другія – наадварот, больш за Украіну. Грамадства тут падзялілася, канешне, але ўжо неяк першы шок прайшоў.

Дарэчы, з боку Украіны таксама назіраецца актыўнасць вайскоўцаў, і пра гэта афіцыйна гавораць у Кіеве. Ідзе мініраванне ўкраінска-беларускай мяжы і ўзмацненне вайсковых груповак, але пры гэтым украінскае вайсковае камандаванне называе магчымасць уварвання з боку Беларусі – нізкай.

Беларускае Радыё Рацыя