Жанчына, якая адбывае “хатнюю хімію”, мусіць пацвердзіць статус рамесніка
Маці-адзіночка з Івацэвічаў Вольга Кронда, якая адбывае трохгадовы тэрмін на «дамашняй хіміі» па палітычным артыкуле, павінна даказаць камісіі з Івацэвіцкага райвыканкама, што вышывае і робіць дзіцячыя ўпрыгожанні сваімі рукамі.
Яны не паверылі здымкам і відэа, якія жанчына даслала ў райвыканкам і вырашылі прыслаць да яе дадому камісію з 5-6 чалавек, каб пераканацца на свае вочы, кажуць знаёмыя Вольгі:
-Рамеснік плаціць фіксаваны падатак раз у год па10 рублёў і плюс 160 рублёў адлічэння на пенсію. Але калі яна страціць статус рамесніка, трэба будзе пераходзіць на профдаход, скачваць прыкладанне на тэлефон, кожны заказ уводзіць у прыкладанне і кожны месяц 15% ад дахода плаціць падатак. Калі чалавек зарабляе 300 рублёў і аддасць 40 рублёў падатку, то што ўжо там застаецца?
Як стала вядома, у Івацэвічах да гэтага часу яшчэ нікому не ўдалося пацвердзіць статус рамесніка.
Знаёмыя кажуць, што міліцэйскае начальства „настойліва раіць” Вользе ісці на дзяржаўную працу. Яна б і рада пайсці, каб нармальна плацілі, а галоўнае, каб бралі. Яна знаходзіцца ў „чорных спісах”, як неблаганадзейная, на працу яе нідзе не бяруць.
Вольга робіць цудоўныя вырабы для дзецей. Яе сябры і знаёмыя будуць вельмі рады, калі людзі зробяць заказы праз інстаграм:https://instagram.com/olga.kronda3301. А Вольга будзе ўдзячна.
Беларускае Радыё Рацыя






