Журналіст Дзяніс Івашын прыгразіў парэзаць сабе вены



Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына расказала пра правакацыі супраць яе мужа.

Паводле яе слоў, у ход ідуць як фізічныя, так і інфармацыйныя метады ціску.

Адзін з колішніх вязняў гарадзенскай турмы, мастак і рок-музыка Павел Бялянаў, які цяпер на волі, пацвердзіў спробы правакацый у дачыненні Дзяніса Івашына з боку супрацоўнікаў турмы, напісала Вольга Івашына.

Сям’я атрымала інфармацыю, што неаднаразова Дзяніса спрабавалі скампраметаваць, пераводзілі ў камеру з людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус. Аднак, працягвае яна, яе муж даволі хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі, а таму зрабіў тое, што робяць вязні ў падобных умовах: запатрабаваў ад ахоўнікаў перавесці яго ў іншую камеру — бо інакш фізічна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены. У выніку Дзяніса на 10 сутак змясцілі ў карцар. 21 снежня падчас спаткання з маці гэта пацвердзіў сам Дзяніс.