Жыхара Слоніма адправілі ў калонію за выказванні пра пратэсты ў Казахстане



У Гародні да 7,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма асуджаны 34-гадовы жыхар Слоніма Аляксандр Петушкоў. Яго крымінальную справу разглядаў абласны суд (суддзя — Дзмітрый Бубенчык), піша @viasna96.

Слонімца прызналі вінаватым адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: „Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, „Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”, „Масавыя беспарадкі” і „Абраза Лукашэнкі”.

Вядома, што Петушкоў быў затрыманы 12 студзеня сёлета за „негатыўную інфармацыю ў тэлеграм-чатах з нагоды падзей у Казахстане”: пра пратэсты, пра змену ўлады і міратворцаў.

Летам КДБ унёс Аляксандра Петушкова ў „спіс тэрарыстаў”.