Жыхара Віцебска асудзілі да 4,5 гадоў калоніі



У Віцебскім абласным судзе да чатырох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 35-гадовага мясцовага жыхара Паўла Нікіценку. У закрытым рэжыме яго асудзілі па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Паўла затрымалі 24 лістапада мінулага году і змясцілі пад варту. Паведамляецца, што пры затрыманні ён быў моцна збіты і здароўе да гэтага часу не адноўлена. Цяпер Нікіценка знаходзіцца ў Віцебскім абласным СІЗА № 2. 

Згодна з матэрыяламі справы, Нікіценка ў перыяд з ліпеня 2020 года па 15 лістапада 2021 года незаконна сабраў і распаўсюдзіў інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных службовых асоб дзяржорганаў, членаў іх сем’яў, іншых грамадзян. Паведамляецца, што работнік разлікова-касавага цэнтра ў Віцебску за тры гады скапіяваў з інфармацыйнай сістэмы персанальныя дадзеныя амаль 1,5 мільёна грамадзян Беларусі.

Па сукупнасці злачынстваў Нікіценку прызначана пакаранне ў выглядзе 4 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у суме 3200 рублёў. Суд таксама задаволіў пазоўныя патрабаванні аднаго з пацярпелых у частцы кампенсацыі маральнай шкоды на суму 1000 рублёў.

spring96.org