Жыхара Жлобіна асудзілі на два гады „хіміі” за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе



У Жлобіне — чарговы асуджаны за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.

Суддзя Святлана Рубахава адправіла на „хімію” 24 гадовага Дзяніса Гузава. Дзяніса абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Да суда ён знаходзіўся на волі, пад асабістым паручальніцтвам, піша „Вясна”.

Паводле абвінавачання, Гузаў у ноч зна 10 жніўня 2020 года, разам з іншымі асобамі актыўна парушаў грамадскі парадак, непадпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, выходзіў на праездную частку вуліц, замінаў працы грамадскага транспарту.

Судовы працэс праходзіў яшчэ 27 красавіка. Гузава прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Апеляцыйная скарга на прысуд была разгледжаная Гомельскім абласным судом 16 чэрвеня і засталася без задавальнення. А 30 чэрвеня ягонае прозвішча было ўнесенае ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.