Жыхарку Баранавіцкага раёна асудзілі за абразу Лукашэнкі



 У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавічаў 17 жніўня вынеслі прысуд 36-гадовай палітзняволенай жыхарцы вёскі Скробава Святлане Баканавай, паведамляе праваабарончы Цэнтр „Вясна”, якому стала вядома пра вырак. Яе абвінавацілі ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнкі.   

Судовы працэс вёў Мікалай Кміта. Святлану Баканаву затрымалі сёлета ў  траўні  і першапачаткова асудзілі па адміністрацыйным артыкуле за „распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць», пасля гэтага, на яе завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Па матэрыялах абвінавачання, Баканава на сваёй старонцы ў „Аднакласніках” нібыта „размясціла публікацыю і відэазапіс з застаўкай са звесткамі пра Лукашэнку, спалучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, такіх як „забойства“, „здрада дзяржаве“».

Суд прызначыў Святлане адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мабільны тэлефон жанчыны канфіскавалі. А ўжо 8 верасня МУС унёс яе прозвішча ў спіс „экстрэмістаў”.