Жыхарку Мазыра асудзілі за відэа расейскіх верталётаў



У Гомельскім абласным судзе 16 жніўня завяршыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволенай жыхаркі Мазыра Ганны Пышнік. Яе абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці па ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Палітзняволеную Ганну Пышнік затрымалі 22 сакавіка нібыта за перадачу відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі (верталёты) ў адзін з тэлеграм-каналаў. Жанчыне пагражала да 6 гадоў пазбаўлення волі па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкаму фарміраванню).

Яна мае непаўнагадовую дачку. 

Да суда Ганна ўтрымлівалася ў следчым ізалятары №3 у Гомелі.

Судовы працэс распачаўся 9 жніўня.

16 жніўня быў вынесены прысуд: прызнаць Ганну Пышнік вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Прадрабязнасці судовага працэсу высвятляюцца.

spring96.org