Зліў відэа “Белсат” называе тэхнічнай памылкай



Гэта памылка, разбіраемся ў сітуацыі, так “Белсат” каментуе выцек відэа. Прыгадаем, прапагандысты паказалі чарнавыя здымкі тэлеканала з трэніровак харугваў “Паспалітага рушэння” ў Польшчы, з інфармацыяй, што гэта зыходнікі відэа “Белсата”, якія трапілі да іх.

У сучасных умовах, розныя сілавыя структуры, падкантрольныя Аляксандру Лукашэнку, імкнуцца ўмяшацца і перашкодзіць працы незалежных медыя. Так інцыдэнт каментуе намеснік дырэктара “Белсата” Аляксей Дзікавіцкі, але журналістам таксама трэба памятаць пра ўласную адказнасць:

З краіны то выгналі незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а ўплыў надалей яны маюць вялікі. Сочаць за незалежнымі медыя, каб усяляк перашкодзіць. Што тычыцца гэтай апошняй сітуацыі, уцечцы здымкаў з вучэнняў харугвы, яшчэ праводзім разбіральніцтва. Але, паводле папярэдняй інфармацыі, магу сказаць, што гэта хутчэй за ўсё проста тэхнічная памылка, а не нейкая дзейнасць з адмысловым намерам  зліць гэтыя файлы.

Людзі, якія засвяціліся ў дзяржаўных навінах, належаць да арганізацыі „Паспалітае рушэнне”. Рух складаецца з васьмі харугваў, шэсць з якіх знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і дзве — на тэрыторыі Літвы. Трэніроўкі, якія паказалі па БТ, нібыта адбываліся 1 ліпеня пад Аўгустовам на Падляшшы.

Беларускае Радыё Рацыя