Зміцер Антончык: Рыгор Кастусёў трымаецца добра



10 гадоў – гэта вялікі тэрмін і для здаровага чалавека. Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пачуў такі жорсткі прысуд, маючы анкалагічнае захворванне. Але прысуд успрыняў спакойна і трымаецца добра, распавядаюць прадстаўнікі сям’і палітыка.

„Госць Рацыі” грамадскі актывіст Зміцер Антончык, які з’яўляецца зяцем Рыгора Кастусёва.

РР: Як вы перажылі дзень суда?

Канешне гэта былі цяжкія навіны, але ў нас ніякіх ілюзій не было наконт таго, што будзе апраўданне. Я асабіста меркаваў, што будзе мінімальны тэрмін – 8 год.

РР: Мінімальны па гэтых артыкулах.

– Па гэтых артыкулах, так – 8 год. Канешне жонка вельмі перажывала, плакала. Мы ведалі, што тэрмін у любым выпадку будзе 8, 10 ці 12. Гэта вялікія тэрміны для чалавека з анкалогіяй, можна сказаць, што для такога чалавека гэта квіток у адзін бок.

РР: Ці ёсць у вас інфармацыя, як успрыняў прысуд сам Рыгор Кастусёў?

– У нас інфармацыя ёсць, бо ўжо было спатканне, жонка Рыгора, дачка і стрыечная сястра былі на спатканні. Было тры спатканні, яны паразмаўлялі. Рыгор спытаў, чаго яны такія сумныя сядзелі на прысудзе. У клетцы, у якой ён сядзеў, быў лепшы настрой, чым у людзей, якія сядзелі ў залі і назіралі за гэтым.

РР: Гэта былі размовы праз шкло?

Так, гэта былі размовы праз шкло. Па гадзіне здаецца ім далі. У першую гадзіну цешча пайшла паразмаўляла, малодшая дачка, а потым стрыечная сястра.

РР: То бок Рыгор Кастусёў добра гэта вытрымаў?

– Цешча сказала, што ён вельмі добра трымаецца. Добра выглядае, самаадчуванне больш-менш нармальнае.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя