Зміцер Фурманаў: год як нам удалося ўз’яднацца з Воляй



Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў 31 кастрычніка адзначае год так званага ўз’яднання сям’і. Менавіта ў гэты дзень пасля адседкі і хуткага выезду з Беларусі яму ўдалося пабачыць сваю дзяўчыну, цяпер ужо жонку, Вольгу.

Што адбылося за гэты год распавядае Зміцер Фурманаў:

За гэты год мы шмат зрабілі. Мы пажаніліся. Перад гэтым я зрабіў ёй прапанову на Новы год. То бок, гэты год у нас праляцеў вельмі хутка. Мы яго нават не заўважылі. І цяпер у нас фактычна сямейнае свята – гадавіна ўз’яднання.

Аднак святочны настрой Зміцеру сапсавалі навіны з Беларусі – супраць яго пачалі новую крымінальную справу па нібы «абразе прадстаўніка ўлады» і прыйшлі з ператрусам да яго бацькоў.

Падрабязнасці распавядае Зміцер Фурманаў:

– Пазванілі бацькі і сказалі, што прыходзілі людзі ў форме, абвясцілі, што будзе праведзены вобшук. Яны нават папярэдне патэлефанавалі і сказалі, што прыйдуць. Я падрабязнасці не ўдакладняў, таму што ў бацькоў гэта выклікала моцны стрэс.

Па словах Зміцера, ён не ведае падрабязнасцяў справы і дакладнага артыкула, бо людзі, якія рабілі ператрус не пакінулі ніякіх дакументаў.

Ён лічыць, што прадстаўнікі ўлады робяць падобныя ператрусы як застрашэнне, аднак адразу пасля праведзенага ператрусу Зміцер напісаў пра яго ў сваіх сацсетках.

Беларускае Радыё Рацыя