Значэнне Марафону салідарнасці



«Маральная большасць заўсёды ў меншасці. Галоўнае, што яна ёсць», – піша ў каментах па дыскусіі пра Марафон салідарнасці мысляр і пісьменнік Сяргей Дубавец.

Цяпер у сеціве адбываецца рэфлексія на тэму Марафона салідарнасці з палітзняволенымі, які адбыўся 29 ліпеня. Пяцьсот семдзесят чатыры тысячы еўра – гэта мала, ці вельмі шмат?

А тое, што гэтыя грошы сабралі прыблізна пятнаццаць тысяч чалавек – гэта мала ці дастаткова?

Адразу выкажу сваю ўпэўненасць у тым, што першая спроба атрымалася.

Амаль шэсцьсот тысяч еўра – гэта па некалькі соцень на сям’ю кожнага з палітзняволеных. Так, здаецца, сума невялікая.

Але яна мае каласальнае сімвалічнае значэнне дэманстрацыі салідарнасці. Гэта калі казаць пра адзінадумцаў, якія застаюцца ў Беларусі.

Цяпер пра ворагаў. Ворагі з карных, адміністратыўных і прапагандысцкіх органаў бачаць, што беларусы за мяжой не знікаюць.

І тут не важна ці пятнаццаць тысяч, ці сто пяцьдзясят тысяч.

Вяртаючыся да цытаты Сяргея Дубаўца, з якой я пачаў, скажу, што ўсё прагрэсіўнае звычайна пачынае меншасць.

Згадайце колькі беларуса і дэмакратычна арыентаваных людзей было ў канцы 1980-х. Без жартаў кажу, што я практычна ўсіх сталых удзельнікаў мітынгаў ведаў у твар.

Падчас Менскай Вясны 1996 году гэта ўжо былі дзясяткі тысяч.

А ў 2020 годзе – больш за мільён.

Варта пачаць, і неўзабаве чалавеку будзе проста няёмка, што ён не заданаціў свае мінімальныя пяць еўра падчас чарговага Марафону салідарнасці.

У Беларусі застаюцца не толькі прыхільнікі Беларускай рэвалюцыі і нашы апаненты ябацькі.

У любым грамадстве ёсць сацыяльная шэрая зона.

Атамізаваныя людзі, якія не адчуваюць сябе часткай соцыуму. Іх рашэнні палітычнага выбару залежаць ад сіюмінутнасці.

Дэманструючы за мяжой сваё грамадскае адзінства, беларусы ўскосна могуць уплываць на суайчыннікаў з той сацыяльнай шэрай зоны.

Грамдскім ініцыятывам беларускага замежжа магу параіць больш укладацца ў спецыялістаў PR і рэкламы.

Людзі жывуць у шалёнай інфармацыйнай віхуры. За мяжой шмат хто пакуль выжывае, а не спакойна жыве. І гэтым людзям таксама патрэбная падтрымка. Грашыма, парадамі, эмоцыямі.

Калі чалавек трапляе за краты, ён апынаецца ў сітуацыі поўнай разгубленасці. Чаму заўжды кажуць, што нават сімвалічныя пяць рублёў, якія вы перашлеце зняволенаму дадуць яму не толькі магчымасць штосьці купіць, але падтрымаюць псіхалагічна.

Парадокс, але штосьці падобнае адбываецца і з уцекачом за мяжу. Здаецца, што на волю, але ўсё роўна разгубленасць, бо за мяжой твае праблемы не зразумелыя.

Падтрымліваем сваіх паўсюль, дзе можам! Тчэм паясы нашай салідарнасці!

Жыве Беларусь!

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя