Звышчасовая шчаслівасць

Восеньскі, лістападаўскі настрой і перавод стрэлак гадзіннікаў у мінулую нядзелю з трэцяй на другую гадзіну, быццам даючы нам больш сну, не ўвялі мяне ў пазітыўную, рэфлексіўную настальгію, але наадварот, выклікалі ўва мне раздражненасць. На практыцы гэта абазначала нястрымны марш на кухню, дзе дзверцы халадзільніка мусілі адчуць, што маюць дачыненне з асобенем, які свае нервы заядае ўсім, што яму пад руку пападае. А ў мяне проста з’явіліся звычайныя жыццёвыя праблемы, характэрныя майму ўзросту. Як мне зараз есці і прымаць лякарствы пасля яды — паводле новага ці старога часу? Лекар мне вельмі перасцерагаў, каб не ўводзіць рэзкіх змен у парадак сну, дня і ў час прымання лякарстваў. Значыць, мой біялагічны гадзіннік патрабуе зараз спакою, спакою і яшчэ раз спакою.
Таксама спакою жадаюць мільёны жыхароў краін Еўрасаюза, якім два разы ў год трэба пераводзіць стрэлкі гадзіннікаў — з летняга на зімовы час, а потым наадварот. Нават былі зроблены масавыя еўрапейскія апытанні ў гэтай справе, дзе людзі ясна сказалі: не хочам мяняць часу. Ну і аказалася (вось таму мая раздражненасць дасягнула нервовага выбуху), што мо за… пяць гадоў еўрасаюзныя ўлады знойдуць час, каб заняцца справай змены часу і перастаць нерваваць людзей ды парушаць іхні біялагічны рытм жыцця. Здавалася б, самая простая справа — не палітычная, не эканамічная, без супрацьстаянняў і канфліктаў паміж паасобнымі дзяржавамі, але не можа быць вырашана от так па звычайным ходзе спраў. Цяпер можам уявіць, як дзейнічаюць еўрасаюзныя бюракратычныя структуры ў справах цяжэйшай вагі і адказнасці. Навукоўцы і спецыялісты па энергіі ўжо даўно даказалі, што змена часу не нясе зараз аніякіх ашчаднасцей у энергетычнай сферы ў сувязі са зменай раскладу на запатрабаванасць на энергію ў залежнасці ад цыкла працы. Гэта не час энергетычнага крызісу сямідзясятых гадоў. Затое лекары здаўна перасцерагалі і трывожна прыводзяць прыклады шкоднасці гэтай з’явы для арганізмаў, уключна са смяртэльнай небяспекай. Здавалася, што ўжо два-тры гады таму назад справа паспяхова закрыецца, але не — апяць дваццаць пяць. Далей едзем на гэтым дзівосным вазку часу. Лагічным здаецца, што такую справу павінны хутка вырашаць паасобныя дзяржавы ў сваім юрыдычным парадку, але аказваецца — нельга.
Адзіным у такой сітуацыі паратункам з’яўляецца самаабаронны чорны гумар, бо генеральна людзям і народам з суседніх краін бывае аднак не да смеху. Ну гляньма хаця б на двухгадзінную розніцу паміж Польшчай і Беларуссю. Поўны кашмар, асабліва, калі хочаш пазваніць сябрам у Гародню ці Берасце. У прасторава-часавым вымярэнні мы быццам бы аддаляемся ў зусім другую геаграфічную паласу часу. Аднак у фізічным плане мы не перамяшчаемся разам са сваімі гарадамі, вуліцамі і людзьмі. Памятаю, што калісьці на квітках на цягнік паміж Беластокам і Гародняй гадзіна выезду і прыезду паміж абодвума пунктамі значылася па адным часе! І туды, і назад. Былі такія часы, што паміж гэтымі гарадамі курсавалі яшчэ цягнікі… Менавіта хіба толькі любіцелі філасофіі і пэўнай часткі фізікі на гэтым прыкладзе маглі б іранічна нам, дылетантам, растлумачыць як карове, не абражаючы гэтай жывёлы, тэорыю ўмоўнасці часу і адноснасці ў ім нашай прысутнасці. Пабыўка, чэргі і перасяканне польска-беларускіх дарожных пераходаў пасля 1991 года гэта ўжо, думаю, павінна разглядацца ў часава-прасторавым вымярэнні цэлымі інтэрдысцыплінарнымі ўніверсітэцкімі кафедрамі. Мне самому, прызнаюся без біцця, удалося некалькі разоў перасячы гэтую мяжу, не ведаючы ў якім часе ўсё гэта адбывалася і колькі часу ўвогуле трывала падарожжа. От такія дзіўныя падарожжы ў часе, але без часу. Быццам толькі закаханыя часу не лічаць. Але аглядаючыся назад у часы мінулай ужо маладосці, несумненна пры такой форме памежнага вандравання мелі мы проста дачыненне да дэфініцыі псіхалагічнага стану звышчасовай шчаслівасці, чаго ўсім жадаю ў сувязі з чарговай зменай часу.
Яўген ВАПА, „Ніва” №45, 2022 г.