Зянон Пазняк і Святлана Курс на марафоне салідарнасці



Сёння працягваецца марафон салідарнасці з палітвязнямі “Нам не ўсё адно!”

У суботу 29 ліпеня незалежныя беларускія медыя аб’ядналіся ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці “Нам не ўсё адно!”, каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем’яў. Сярод удзельнікаў марафону была пісьменніца Святлана Курс:

— Я такая сабе хрысціянка — не хаджу ў храм, але веру ў Ісуса Хрыста, і ў вечнае адраджэнне, і галоўныя словы тут: адраджэнне і радасць. Мне здаецца, з радасцю ўсё рабіць, а што тычыцца „даваць ці не даваць грошы на палітвязняў“: некаторых штурхае да гэтага пачуццё віны „я мала зрабіў“. Не з гэтым пачуццём трэба даваць, а з радасцю, што гэтыя грошы пойдуць добраму чалавеку. І ровень дабра, радасці, надзеі ў свеце падвысіцца на дзесяць еўра, а гэта ўжо нямала.

Падчас анлайн-марафону сваім меркаваннем наконт падтрымкі палітвязняў выказаўся беларускі палітык, лідар Руху “Вольная Беларусь”, Зянон Пазьняк:

— Гэтая імпрэза, што прыцягвае ўвагу да праблемы палітзняволеных у Беларусі. Яна карысная, яна мае быць, яна мае быць падтрыманая. Тое, што адбываецца ў Беларусі — гэта генацыд нацыі. Людзі, што сядзяць у турмах — яны не палітзняволенымі, яны палонныя. Яны асуджаныя супраць закону, толькі за тое, што яны беларусы, патрыёты і супраць гэтага рэжыму.

Свае данаты можна даслаць праз сайт salidarnasc.com альбо праз сэрвіс donate.stripe да поўначы, але калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то памятайце, што рабіць гэта з тэрыторыі Беларусі або з беларускай карткі – небяспечна. Сабраныя сродкі будуць размеркаваныя сярод 13 фондаў-партнёраў акцыі і пойдуць наўпрост на дапамогу палітвязням ды іх сем’ям. Ужо сабрана 450 тысяч еўра.

Беларускае Радыё Рацыя