100 гадоў Міколу Грынчыку



1 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўца, крытыка, фалькларыста, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі Міколы Грынчыка (1923-1999).

Мікола Грынчык нарадзіўся ў мястэчку Быцень Івацэвіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў мясцовай школе, а пасля аб’яднання ў 1939 годзе Заходняй Беларусі з БССР – у Слоніме і Косаве. У гады Другой сусветнай вайны быў сувязным партызанскага атрада. У 1944 годзе пайшоў на фронт, ваяваў, быў цяжка паранены. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалямі.

У 1946–1947 гадах Мікола Грынчык працаваў загадчыкам Быценскага раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. А потым паступіў на літаратурны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння настаўнічаў у г. п. Вялікая Бераставіца, вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. У 1957 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Максім Багдановіч і беларускі фальклор» і стаў навуковым супрацоўнікам інстытута. У гэты час былі падрыхтаваны і апублікаваны працы «Народна-песенныя матывы ў творчасці Максіма Багдановіча» (1958), «Творчасць Аркадзя Куляшова ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Пятро Глебка» (1963) і іншыя. У 1963 годзе выйшла з друку манаграфія «Максім Багдановіч і народная паэзія», у 1964 годзе – крытыка-біяграфічны нарыс «Аркадзь Куляшоў».

У 1970 годзе стаў доктарам навук і ўзначаліў кафедру беларускай літаратуры Гомельскага педагагічнага інстытута. Стварыў у ім студэнцкую навуковую лабараторыю па вывучэнні рэгіянальных асаблівасцей нацыянальнай літаратуры і фальклору, падрыхтаваў шэраг высокакваліфікаваных навукоўцаў. Мікола Грынчык даследаваў праблемы бягучага літаратурнага працэсу, народнасці літаратуры, яе ўзаемасувязь з фальклорам, спецыфіку нацыянальнага вершаскладання. У 1973 годзе выйшла з друку манаграфія «Шляхі беларускага вершаскладання».

З 1980 года Мікола Грынчык загадваў кафедрай літаратуры Менскага інстытута культуры. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці шмат пісаў. Вучоны быў адным з аўтараў акадэмічных выданняў па гісторыі беларускай літаратуры, прымаў удзел у стварэнні падручнікаў для студэнтаў філалагічнага факультэта педагагічных інстытутаў.

Беларускае Радыё Рацыя