125 гадоў з дня нараджэння Кастуся Кіслага



Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор, дзеяч эміграцыі (Бельгія, ЗША) Кастусь Кіслы нарадзіўся ў беларускай праваслаўнай сям’і 21 траўня 1898 года ў горадзе Лэнчыцы (Польшча). Яго бацька паходзіў з-пад Слоніма. Пачатковую адукацыю атрымаў у горадзе Каліш. У час Першай сусветнай вайны эвакуяваўся з сям’ёй у Марыупаль (паўднёвая Украіна). У час вучобы на занятках прафесара музыкі кампазітара Салаўёва выявіў добрыя музычныя здольнасці. У сувязі з мабілізацыяй у войска выкладчыка музыкі кіраўніцтвам семінарыі ў 1918 годзе прызначаны выкладчыкам спеваў і кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі. На першым канцэрце хор пад кіраўніцтвам маладога дырыжора выканаў і дзве беларускія песні («Чаму ж мне не пець» і «Ці свет, ці світае»). Дзякуючы маці, якая зарэгістравала сям’ю ў Беларускім камітэце Марыупаля, упершыню пазнаёміўся з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. У 1918 годзе скончыў настаўніцкую семінарыю.

Пачатак грамадзянскай вайны ў Расеі і ваенныя дзеянні закінулі Кіслага ў Турцыю, дзе ён жыў пэўны час у мясцовасці Сан-Стэфана недалёка ад Канстанцінопаля. У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, дзе арганізаваў царкоўны хор пры слонімскім Спаса-Праабражэнскім саборы. Адначасна стварыў мясцовы свецкі хор.

З 1933 года Кастусь Кіслы жыў у Беластоку. Быў арганізатарам і дырыжорам школьнага хору пры саборы саборы Святога Мікалая. Таксама вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы. У другой палове 1930-х гадоў на іх аснове быў створаны супольны хор. Нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўна-адміністрацыйных уладаў, ён шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізаваў некалькі публічных канцэртаў.

З прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі ў 1939 годзе Кіслы быў арыштаваны НКВД. Сядзеў у турме, уцёк адтуль у 1941 годзе. У ліпені 1941 года вярнуўся ў Беласток. Уключыўся ў беларускую культурна-асветную справу. Наладзіў супрацу з Беларускім камітэтам у Беластоку і аднавіў свой колішні хор. З 1942 года выступаў з публічнымі канцэртамі. Неўзабаве хор быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца. У гарадах і вёсках шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа. З 1944 года ў эміграцыі, спачатку ў Нямеччыне. Пазней, у 1948 годзе перабраўся ў Бельгію, дзе працаваў у вуглездабывальнай шахце. У 1953 годзе (пасля смерці Міколы Равенскага) быў запрошаны на пасаду дырыжора студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў горадзе Лёвен (Бельгія). Шырока папулярызаваў беларускую песню ў Заходняй Еўропе. З ансамблем выступаў у Брусэлі, Лондане, Парыжы, Кёльне і Боне.

У траўні 1956 года прыехаў у ЗША. Жыў у Кліўлэндзе, дзе браў удзел у беларускім культурна-грамадскім жыцці. Быў кіраўніком беларускіх свецкіх і царкоўных хораў, музычных калектываў і драматычнага гуртка. Удзельнічаў у рэарганізацыі кліўлэндскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Кампанаваў царкоўную музыку, аўтар музычнага зборніка «Вялікдзень». Быў сябрам БАЗА, уваходзіў у кіраўніцтва Кліўлэндскага аддзела арганізацыі. Настаўнік беларускай суботняй школы. Адкрыў у Кліўлэндзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года выехаў да дачкі ў Польшчу. Жыў у Беластоку. Памёр Кастусь Кіслы 8 студзеня 1980 года. Пахаваны на беластоцкіх праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых.