160 гадоў бітве пад Мілавідамі



3 чэрвеня 1863 года каля вёскі Мілавіды Слонімскага павета адбылася самая вядомая бітва паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі. Гэта быў адзін з тых рэдкіх эпізодаў гераічнага змагання, у якім паўстанцы святкавалі перамогу. На жаль, яго наступствы не былі выкарыстаныя належным чынам.

Бой паўстанцаў, малюнак пачатку ХХ стагоддзя.

У студзені 1863 года на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай пачалося паўстанне, вышэйшай кропкай якога на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца Мілавідская бітва.

У канцы траўня 1863 года на мяжы Гарадзенскай і Менскай губерняў каля вёскі Мілавіды пачалі збірацца паўстанцкія атрады з мэтаю каардынацыі сумесных дзеянняў. Тут размясціўся лагер слонімскага атрада на чале з Францішкам Юндзілам, які ўвесь час павялічваўся, у выніку дасягнуўшы 311 чалавек. Гэта былі ў асноўным сяляне: з адной толькі вёскі Плаўскія іх налічвалася 62 добраахвотнікі.

17 траўня Ісідар Лукашэвіч з часткаю слонімскага атрада заняў вёску Дабромысел. Ён сабраў у царкве сяброў воласці, а затым разам з настаяцелем праваслаўнай царквы Хрыневічам абвесціў аб перадачы зямлі сялянам і роўнасці ў правах усіх саслоўяў. Быў падпісаны дакумент аб гэтым, за подпісам Ісідара Лукашэвіча, старшыні воласці Яна Лазарчука і сялян Змітрука Шачэлы і Тамаша Каневехты.

Мілавідскі лагер ператвараўся ў сапраўднае паселішча, дзе адначасова знаходзіліся каля 800 паўстанцаў: ваўкавыскі атрад Стравінскага (каля 270 чалавек), гарадзенскі Лянкевіча (каля 25), пружанскі Улодака (каля 50), наваградскі Міладоўскага (каля 140). Агульнае камандаванне ўзяў на сябе палкоўнік Аляксандр Лянкевіч. Вечарам 1 чэрвеня лагер інспектаваў Кастусь Каліноўскі і Эразм Заблоцкі.

У той жа час са Слоніма супраць паўстанцаў была накіравана калона расейскіх войск Стараінгерманландскага палка пад камандаваннем падпалкоўніка Булгарына агульнай колькасцю каля 700 чалавек – 3 роты пяхоты, 30 коннікаў, 4 гарматы з разлікамі.

Булгарын загадаў рассыпаць першы ўзвод цэпам і накіраваў іх праз лес да шашы. Як высветлілася, Бранеўскі яшчэ да падыхода асноўных сіл Стараінгерманландскага палка паслаў у бок Мілавідаў канвойнага падафіцэра Кушму з некалькімі коннікамі, але яны патрапілі ў пастку. Кушма быў схоплены, і пазней забіты адным з паўстанцаў. 

Мілавіды, 1932 г.

Да Булгарына падышла рота маёра Ягорава. На ноч яны размясціліся ў вёсцы Грудаполе. З Нясвіжа рускім было паведамлена пра хуткі падыход двух ротаў на чале з маёрам Радовым, да якога Булгарын накіраваў аднаго са сваіх людзей, каб той перадаў запіску, у якой Радову загадвалася ўдарыць на Мілавіды. Стрэлы яго атакі стануць сігналам для наступлення самога Булгарына. І такім чынам паўстанцы трапяць у пастку. Але да 11  гадзін 22 траўня стала відавочным, што чаканні не спраўдзіліся, таму Булгарын вырашыў самастойна пачаць наступ на паўстанцкі лагер пад Мілавідамі.

Бітва пачалася каля паловы дванаццатай. Рускія наступалі з боку Чамёлаў, дзе іх удар на сябе прынялі 60 паўстанцаў, растаўленых на скрыўленні леса. Але яны хутка адступілі, збіраючыся на пляцоўцы для коней. Пачаўся ўпарты бой.

Помнікі ў Мілавідах.

Рускія войскі, падышоўшы да ўзлеска, за якім размяшчаўся лагер, абстралялі яго карцечнымі стрэламі. Пасля гэтага першая рота рускіх войск пачала хуткае наступленне ўправа ад шашы. А першы ўзвод трэцяй роты, увайшоўшы ў лес, завязаў перастрэлку з боку пляцоўкі. Другі ўзвод трэцяй роты наступаў з боку Смалярні з барабанным боем, каб прыцягнуць да сябе ўвагу паўстанцаў і прымусіць іх адцягнуць свае сілы з месца асноўнага ўдара рускіх войскаў. Але паўстанцы не паддаліся на гэта, таму што разумелі непрыступнасць занятых імі пазіцый. Дзве гадзіны ішла перастрэлка на ўзлеску, пасля чаго Булгарын вымушаны быў адвесці першую роту ў рэзерв, а замест яе накіраваў другую, але і свежыя падмацаванні не дапамаглі. Рускія імкнуліся ўдарам дабрацца да сцяжынкі, якая злучала шашу з паўстанцкім лагерам, і такім чынам перарэзаць сілы паўстанцаў. Але максімум, што ўдалося рускім, гэта ў некалькіх месцах прасунуцца да поўступаў да лагера. Пры чым адтуль яны былі адкінутыя касінерамі на чале з Ельскім і з ксяндзом Лашкевічам, якія тройчы вадзілі падначаленых ім паўстанцаў у атаку. Паўстанцам таксама ўдалося паралізаваць дзеянні трэцяй роты рускіх пад кіраўніцтвам маёра Ягорава.  У сувязі са стратамі, стомленасцю войск і надыходам цемры Булгарын прыняў рашэнне аб адступленні.
Лянкевіч напачатку бою з большасцю паўстанцаў адышоў наперад і цалкам убок, а потым да лагера Юндзіла, збіраючыся ўдарыць у тыл рускім войскам. Але ў лагер прыйшла вестка пра падыход свежых рускіх 10 ротаў з Мілавідаў (у сапраўднасці, іх было 2, і яны падышлі толькі на наступны дзень), таму Лянкевіч адмовіўся ад атакі. І ў выніку замест пераследу ворага паўстанцы ўвечары вырашылі пакінуць лагер, падзяліцца і накіравацца ў розныя бакі. Такім чынам, гэтае памылковае рашэнне каштавала таго, што на наступны дзень рускія войскі на чале з Булгарыным, умацаваныя свежымі 2 ротамі, занялі Мілавідскі лагер. У гэтым баі рускія страцілі 9 забітымі і 41 параненым (адзін з іх памёр у шпіталі), паўстанцы – 18 чалавек. Поле бою засталося за паўстанцамі, і яны сталі на гэтым полі пераможцамі…

Пасля бітвы загінулых паўстанцаў і рускіх салдат пахавалі ў розных магілах побач з шашою. На магіле царскіх салдат быў пастаўлены чыгунны крыж, а ў гонар палеглых паўстанцаў у 1933 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай капліцы.

У 1990 годзе тут быў пастаўлены яшчэ адзін памятны знак — камень з мемарыяльнай плітой і надпісам па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя