160 гадоў таму гераічна загінуў Людвік Нарбут

Вайсковец, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863 года Людвік Нарбут нарадзіўся 7 верасня 1832 года ў мясцовасці Шаўры Лідскага павету (цяпер Воранаўскі раён Гарадзенскай вобласці).

Паходзіў з сям’і архітэктара, інжынера і вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. Фармаванне светагляду праходзіла пад уплывам атмасферы бацькоўскага дому, дзе шанавалі паўстанцаў 1794 і 1830 гадоў. Вучыўся ў Лідскай павятовай вучэльні, потым у Віленскай гімназіі, дзе ў канцы 1850 года па даносе аднаго з гімназістаў быў арыштаваны за спробу стварыць “общество патриотов с целью пронзвести восстание”. У сакавіку 1851 года публічна пакараны розгамі і аддадзены ў салдаты. Высланы ў Калугу ў штаб 18-й пяхотнай дывізіі. За пратэст супраць афіцэра, які яго абразіў, высланы шараговым на Каўказ. Служыў там, у час Крымскай вайны быў у войску пад камандаваннем Мураўёва-Карскага, паранены пры штурме Карса. За смеласць і мужнасць атрымаў званне афіцэра расейскай арміі. З 1859 года ў адстаўцы.
Вярнуўся на радзіму ў пачатку красавіка 1860 года. Жыў у бацькі, вёў гаспадарку. Калі ажаніўся, пасяліўся ў маёнтку Сербянішкі, недалёка ад Шаўроў. З дапамогай малодшага брата Баляслава, які быў гімназістам Віленскай гімназіі, усталяваў сувязь з віленскімі падпольнікамі. Стаў адным з кіраўнікоў Лідскай павятовай арганізацыі. У час падрыхтоўкі паўстання прыхільнік партыі “чырвоных”, звязаўся з Кастусём Каліноўскім, бываў на канспіратыўных сходах. У падпольнай арганізацыі выконваў абавязкі акруговага арганізатара. Адным з першых у лютым 1863 года арганізаваў партызанскі атрад у Беларусі, з якім 3 месяцы паспяхова вёў змаганне супраць акупантаў. У Шаўрах стварыў першы паўстанцкі атрад, у які ўвайшлі брат Баляслаў, Уладзіслаў Пілецкі, студэнт Пецярбургскага ўніверсітэту, і 6 сялян. Спачатку атрад Нарбута дзеіў у ваколіцах Начы і Эйшышак.
13 лютага загадам Віленскага рэвалюцыйнага камітэта быў прызначаны ваенным начальнікам Лідскага павету. Пазней да яго далучыўся Леў Краінскі са сваім невялікім атрадам. У адрозненне ад іншых паўстанцкіх камандзіраў, Людвік Нарбут дзеіў пад сваім прозвішчам, што надавала яму дадатковую павагу. 28 лютага Нарбут атрымаў загад Кастуся Каліноўскага звязацца з паўстанцамі Слонімскага павету і прабівацца ў кірунку Менскага ваяводства. Але абставіны склаліся так, што Нарбут з сваім атрадам перадыслакаваўся ў Рудніцкую пушчу і ваяваў у раёне Нача-Дубічы-Бершты-Новы Двор.
9 сакавіка атрад, які налічваў каля 80 чалавек кіраваўся ў бок Руднікаў з мэтай злучэння з тымі атрадамі, што ішлі з Вільні, і сустрэў сотню расейскіх казакоў і дзе роты гвардзейскіх стралкоў. Паўстанцы паспяхова адбілі атаку карнікаў, вярнуліся ў Нацкую пушчу і сталі лагерам. 30 сакавіка атрад Нарбута біўся з праціўнікам “сілай 5 рот пяхоты і сотні казакоў”. 11 красавіка 1863 года каля вёскі Новы Двор (Шчучынскі р-н) адбылася чарговая бітва паміж паўстанцкім атрадам Людвіка Нарбута і расейскім войскам. Ад паўстанцкіх уладаў у красавіку Нарбут атрымаў званне палкоўніка.
Загінуў у баі пад Дубічамі (цяпер Дубічай на тэрыторыі Летувы), куды паўстанцкі атрад вяртаўся з Гарадзенскай пушчы. Капітан Цімафееў, які камандаваў расейскім атрадам у тым баі, адзначаў пазней, што паўстанцы былі дрэнна ўзброены, але змагаліся вельмі ўмела. Нарбут адступаў апошнім, быў цяжка паранены і перад смерцю паспеў перадаць дакуманты і грошы аднаму з сваіх праваднікоў. Пасля гібелі камандзіра атрад быў амаль цалком знішчаны. Загінуў Людвік Нарбут якраз у дзень нараджэння свайго малодшага брата Станіслава Нарбута – 4 траўня.

У атрадзе Нарбута ваяваў вядомы мастак Міхал Эльвіра Андрыёлі, які быў паранены ў апошнім баі, а пазней стварыў карціну “Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў”. Паводле некаторых звестак у яго атрадзе ваяваў таксама Францішак Багушэвіч.
Пахаваны Людвік Нарбут у Дубічах у брацкай магіле разам з яшчэ 11-12 паўстанцамі. 6 траўня 1938 года на піярскім касцёле ў Лідзе была адкрыта дошка ў гонар Людвіка Нарбута. У наш час яна дапоўнена беларускамоўным тэкстам і перанесена на памятны знак пад касцёлам у лідскім мікрараёне Слабодка.


Беларускае Радыё Рацыя