170 гадоў з дня нараджэння Станіслава Нарбута



Імя доктара, вучонага і мецэната Станіслава Нарбута добра вядома ў Беларусі. Ён нарадзіўся 4 траўня 1853 года у маёнтку Шаўры на Гарадзеншчыне. Яго бацька, Тодар Нарбут, быў даволі таленавітым чалавекам, выявіў сябе як ваенны інжынер, гісторык, археолаг, краязнаўца.

У 1872 годзе Станіслаў Нарбут паступіў у Мюнхенскі ўніверсітэт, а ў 1879 годзе вытрымаў выпрабаванні на ступень доктара медыцыны. Тут жа ён абараніў доктарскую дысертацыю. Першыя гады лекарскай практыкі прайшлі за мяжой. Пасля Германіі месцам жыхарства Станіслава Нарбута стала Браслаўшчына. Меў прыватную практыку ў Друі, Браславе. Потым Станіслаў Нарбут стаў сельскім медыкам у Браславе. Пачатковыя яго клопаты як сельскага ўрача былі звязаны з будаўніцтвам у Браславе новай, па тых часах першакласнай бальніцы. Доктар аддаў многа сіл, энергіі і часцінку свайго сэрца падчас самога будаўніцтва і потым, каб удыхнуць жыццё ў новы будынак. Амаль 90 гадоў выконвала свае функцыі лячэбніца. Узведзеную за 1,5 гады і адкрытую 24 лістапада 1906 года бальніцу з чырвонай цэглы і цяпер яшчэ называюць нарбутаўскай лячэбніцай.

Пасля завяршэння будаўніцтва лякарні Станіслаў Нарбут разгарнуў актыўную хірургічную дзейнасць, самаахвярна змагаўся з інфекцыйнымі захворваннямі і высокай у той час дзіцячай смяротнасцю. Доктар быў безадказны ў лячэнні і дапамагаў усім. У тых выпадках, калі чалавек не мог заплаціць за лячэнне, аказваў дапамогу бясплатна, нават дапамагаў набыць лекі.

Станіслаў Нарбут быў вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю. Асабістым прыкладам ён абуджаў культурнае жыццё мястэчка: быў рэжысёрам і акцёрам аматарскага тэатра, выдаваў газету «Дух Браслаўца». Пад наглядам павятовага лекара, якім ён стаў у 1919 годзе, знаходзіліся аптэкі, прадпрыемствы харчавання, лазні, школы. Ён арганізоўваў супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, санітарную справу і г.д.

Надмагільны помнік на Браслаўскай гары

Памёр Станіслаў Тэадоравіч 11 сакавіка 1926 года ад запалення лёгкіх: моцна прастудзіўся па дарозе да хворага. Пахаваны доктар у Браславе на Замкавай гары. Былыя пацыенты, жыхары Браслаўшчыны, ахвяравалі неабходныя грошы на ўзвядзенне помніка на яго магіле. Гэта стэла вышынёй 10 метраў на масіўным кубе, вянчаная ліхтаром. Яго святло і сёння сімвалізуе самаахвярную працу беларускага лекара.

Беларускае Радыё Рацыя