20 гадоў таму памерла Зора Кіпель
Зора Кіпель, дзявочае Савёнак (1 ліпеня 1927, Менск — 14 красавіка 2003, Нью-Джэрсі, ЗША) — беларуская грамадская дзеячка, літаратуразнавец, публіцыстка.

У 1944 годзе разам з бацькамі выехала ў Германію. Вучылася ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу. У 1966 годзе скончыла магістратуру Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці «Бібліятэказнаўства і інфармацыйныя тэхналогіі». Працавала ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы.

Аўтарка прац па гісторыі Беларусі, старажытнай літаратуры, асвеце. Выдала на англійскай мове ў сваім перакладзе «Беларускага Трышчана» (Нью-Ёрк; Лондан, 1988).
Разам з мужам Вітаўтам Кіпелем сабрала велізарную калекцыю беларускіх і беларусазнаўчых выданняў на Захадзе, якая захоўваецца ў Нью-ёрскай публічнай бібліятэцы і на падставе якой быў створаны бібліяграфічны даведнік «Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе», які выйшаў ужо пасля смерці складальніцы.
Памерла 14 красавіка 2003 года. Пахавана ў Іст-Брансуіку (штат Нью-Джэрсі) на беларускіх могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці.
