225 гадоў з дня нараджэння Януара Сухадольскага



Мастак-баталіст, удзельнік лістападаўскага вызвольнага паўстаньня 1830 года Януар Сухадольскі нарадзіўся 19 верасня 1797 года ў Гародні. Паводле іншых звестак з’явіўся ён на свет у мясцовасці Вялікая Рагозніца (цяперашні Мастоўскі раён Гарадзенскай вобласці). Дакладна, што ён гадаваўся ў рагозніцкай сядзібе. Паходзіў будучы мастак са шляхецкага роду герба «Слепаўрон». Сын Яна Сухадольскага і Тэклі з Даўнаровічаў. Брат паэта Райнольда Сухадольскага. Сядзіба ў Рагозніцы забудаваная ў 1791 годзе паводле фундацыі Смаленскага кашталяна Антона Сухадольскага, дабудоўвалася ў 19 стагоддзі. У сядзібе некалі гасцяваў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Антон Сухадольскі (дзед Януара) быў патрыётам ВКЛ і бараніў яго інтарэсы на чатырохгадовым сойме, куды быў абраны, падтрымліваў правы насельніцтва краю. Сын Антона Сухадольскага Ян таксама быў палітыкам, пазней браў удзел у вызвольным паўстанні Касьцюшкі.

Менавіта ў Вялікай Рагозніцы раслі Януар Сухадольскі і яго брат Райнольд Сухадольскі, паэт, таксама ўдзельнік таго вызвольнага чыну 1830 года, аўтар паўстанцкіх песень. Загінуў Райнольд Сухадольскі пры абароне Варшавы ў 1831 годзе. Януар пражыў да 1875 года. Яшчэ два браты трапілі ў расейскі палон – Яцэк і Валянцін. Яцэк вярнуўся дамоў, але страціў розум. А вось Валянцін уцёк, рэшту жыцця пражыў у беднасці ў Парыжы. Так па-рознаму склаўся лёс братоў.

Сядзіба ў Вялікай Рагозніцы, фота Уладзіміра Хільмановіча

Першыя ўрокі жывапісу Януар Сухадольскі браў у польскага мастака Антона Брадоўскага. Пазней скончыў Свіслацкую гімназію. У 1810 годзе паступіў у Корпус кадэтаў Школы Артылерыі і інжынераў войскаў Княства Варшаўскага, якая размяшчался ў варшаўскім Арсенале. Потым служыў у войску Царства Польскага. Удзельнічаў у расейска-іранскай вайне 1826-28 гадоў, знаходзіўся пры штабе фэльдмаршала Івана Паскевіча. На заказ графа Паскевіча Сухадольскі стварыў цыкл карцін, прысвечаны ваеннай кампаніі. Пазней удзельнічаў у паўстанні 1830 года, пасля яго паразы эміграваў, пэўны час жыў у Рыме, дзе навучаўся ў так званай Французскай акадэміі, практыкаваў у майстэрні французскага майстра Гарацыя Варнэ. 

Пасля абвешчанай расейцамі амністыі Януар Сухадольскі вярнуўся на радзіму, дзе жыла сям’я. Пазней па запрашэнні расейскага імператара Мікалая І паехаў у Пецярбург, дзе атрымаў заказ на цыкл карцін пра батальныя сцэны расейска-французскай вайны 1812 года. Вядомы таксама як мастак выяўлення коней, маляваў коней, сцэны з імі. Менавіта дзякуючы яму, коні з’явіліся ў мастацтве як самастойная тэма, традыцыю развіваў пазней польскі мастак Юліуш Косак.

Многія з твораў Януара Сухадольскага захоўваюцца ў карцінных галерэях Польшчы. У Беларусі частка карцін да нядаўняга часу захоўвалася ў карпаратыўнай калекцыі Бегазпрамбанку ў Мінску. Некаторыя з палотнаў (з тых твораў, што былі зробленыя на заказ Паскевіча) зберагаюцца ў Гомельскім краязнаўчым музеі.

Найбольш вядомыя творы мастака-баталіста: «Узяцце расейцамі крэпасці Карс», «Перамога пад Елдавай», «Здача крэпасці Абасабад», «Бітва пад Рашынам», «Бітва пад Самасьерай», «Смерць Чарнецкага», «Абарона Чэнстаховы», «Выкраданне Амазонкі», «Перамога пад Кірхгольмам», «Паляванне на аленя», «Пераход арміі Напалеона праз Бярэзіну».

Памёр Януар Сухадольскі 20 сакавіка 1875 года ў мясцовасці Бойме (Сядлецкі павет Мазавецкага ваяводства, Польшча). Пахаваны на могілках у Алексіне.