235 гадоў Дамініку Манюшку
6 ліпеня спаўняецца 235 гадоў з дня нараджэння асветніка Дамініка Манюшкі (1788-1848).

Нарадзіўся Дамінік Манюшка на Меншчыне ў сям’і вайсковага суддзі Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў стрыечны брат кампазітара Станіслава Манюшкі. Пасля заканчэння Віленскага універсітэта Дамінік Манюшка атрымаў вучоную ступень доктара права. Прымаў удзел у вайне 1812 года. 3 1816 года асветнік асеў на спадчынным маёнтку Радкаўшчына ў Ігуменскім павеце. Займаў пасаду ігуменскага падкаморага. Прымыкаў да масонскага руху: быў сябрам ложы «Паўночная паходня». Усё сваё жыццё Дамінік Манюшка прысвяціў паляпшэнню становішча беларускіх сялян. Уласны маёнтак i зямельныя ўгоддзі ён аддаў у карыстанне сваім сялянам, пакінуўшы сабе толькі невялікі ўчастак. Кожны селянін атрымаў асобную сядзібу з ворнай зямлёй, лугам i дзялянкай лесу.
Дамінік Манюшка заснаваў у павеце вучылішча, якое складалася з двух аддзяленняў — падрыхтоўчага i вышэйшай школы. У ix выкладалі закон Божы, славянскую i польскую мовы, арыфметыку, даваліся паняцці па тэхналогіі земляробства, па садаводстве, агранаміі, лесаводстве, пчалаводстве, пачатковыя звесткі з медыцыны, анатоміі i ветэрынарыі. Апрача таго, выкладалася каліграфія, чарчэнне, рукадзелле i розныя рамёствы. У вышэйшых класах найбольш здольным выхаванцам дадаткова выкладаліся геаграфія, гісторыя i каморніцтва.
У 1824 годзе ў Радкаўшчыне быў заснаваны канвікт (асобы пансіянат) для ўтрымання i выхавання сялянскіх дзяўчынак. Былі абсталяваны аптэка i лабараторыя, а для практычных заняткаў існавалі сады батанічны, пладовыя i агароднінны. Навучанне вялося на працягу двух гадоў у асенне-зімовы перыяд, a ўлетку выхаванкі праходзілі практыку ў садах вучылішча або на прысядзібных участках сваіх бацькоў. Выдаткі на ўтрыманне вучылішча i канвікта Дамінік Манюшка рабіў за кошт арэнднай платы, якую ён атрымліваў ад сялян за зямлю, а таксама са сваіх асабістых сродкаў. Не маючы дадатковых даходаў, ён вымушаны быў закласці маёнтак. Вучылішча было закрыта ў 1838 годзе, жаночы пансіянат праіснаваў да 1853 года, дзякуючы матэрыяльнай дапамозе брата Ігната.
У канцы жыцця Дамінік Манюшка пераехаў у Менск, дзе i памёр. На яго магіле ў прадмесці Камароўкі ўдзячныя выхаванцы паставілі помнік з надпісам: «Ад верных сялян i падданых». Паводле сведчання гісторыка Адама Кіркора, сяляне з Радкаўшчыны вылучаліся дасведчанасцю, сумленнасцю, працавітасцю, высокай маральнасцю i з вялікай павагай ставіліся да памяці Дамініка Манюшкі.
Беларускае Радыё Рацыя