285 гадоў з дня нараджэння Казіміра Нарбута

Асветнік Рэчы Паспалітай, філосаф і настаўнік Казімір Даніэль Нарбут нарадзіўся 3 студзеня 1738 года. Паходзіў з славутага літвінскага роду, нарадзіўся паводле адных звестак у маёнтку Крупа Лідскага павету, паводле іншых у мясцовасці Дакудава (цяперашні Лідскі раён). Родны брат знакамітага гісторыка Тодара Нарбута. Бацька – таксама Казімір Нарбут, маці – Мар’яна з роду Навіцкіх. Гэта прадстаўнікі шляхецкага роду герба «Трубы». Казімір Нарбут вядомы як сябра ордэна Піяраў, прафесар філасофіі Collegium Nobilium, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Навучаўся Казімір Нарбут спярша ў славутай піярскай школе ў Шчучыне, пазней – у Любяшоўскім навіцыяце і піярскім калегіюме ў Дубровіцы (на тэрыторыі сучаснай Ровенскай вобласці Украіны). З 1759 года Казімір Нарбут навучаўся ў Віленскім калегіуме. Пасля цягам чатырох гадоў вучыўся ў піярскай вучэльні ў Рыме. Атрымаўшы адукацыю, вярнуўся на радзіму, дзе ў 1764 годзе быў прызначаны прафесарам і прэфектам у Дубровіцы. Пазней Казімер Нарбут быў пераведзены ў сталіцу – у Вільню, выкладаў там матэматыку, таксама чытаў лекцыі па філасофіі. Быў там прэфектам друкарні піяраў.
У 1770-1799 гадах Казімір Нарбут працаваў пробашчам у польскім горадзе Радзыміне. Супольнік уладальніцы Радзыміна Элеаноры, княжны Чартарыйскай. Быў дзеячам Народнай адукацыйнай камісіі, адказным Аддзелу справаў школы і элементарных кніг. Кавалер ордэна Святога Станіслава. З 1773 да 1775 года Казімір Нарбут знаходзіўся ў Нямеччыне і Францыі як выхавальнік дзяцей падскарбія вялікага літоўскага Міхала Берастоўскага, пазней працаваў у Адукацыйнай камісіі ў Варшаве. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Нарбут жыў у вёсцы Радзівонішкі пад Лідай.
Казімір Нарбут з’яўляецца аўтарам падручніка «Логіка, альбо навука пра роздум і развагу», які выйшаў у Вільні ў 1769 годзе, курса «Эклектычнай філасофіі». У 1771 годзе разам з вучнямі Нарбут выдаў кнігу «Выбраныя развагі з філасофіі» Разглядаў прынцыпы свабоды развагаў і крытычнага стаўлення да любых выказванняў у якасці умоваў магчымасці існавання філасофіі. Мэтай жа філасофіі Нарбутам лічыўся пошук ісціны, скіраваны на развязанне практычных задачаў грамадскага жыцця. Нарбут выступаў супраць схаластыкі, якая, на ягоную думку, супрацьстаяла развіццю навукі. З’яўляўся прыхільнікам дэізму. Асновай разумення лічыў дакладнасць і відавочнасць ідэяў, слушнасць прынцыпаў метада Рэне Дэкарта.
У пачатку 1770-ых гадоў Казімір Нарбут прапанаваў ідэю пра сацыяльную прыроду чалавека, якая была блізкай да ідэяў брытанскага філосафа Джона Лока. На думку Нарбута дзяржава – арганізацыя, створаная ў інтарэсах усіх разам і кожнага паасобку, пры гэтым натуральныя правы асобы мусяць быць незалежнымі ад дзяржавы, а асновай дзяржаўнага ладу павінны быць законы і дзейнасць, якая цалком ім адпавядае. Падтрымліваў шырокую свецкую адукацыю, крытыкаваў саслоўную сістэму выхавання і адукацыі, у значнай ступені – езуіцкай канцэпцыі. Апроч гэтага займаўся школьнай рэформай у Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле меркавання Нарбута адной з асноўных адукацыйных дысцыплінаў з’яўляецца свецкая этыка. Пісаў таксама вершы, шмат перакладаў з іншых моваў.
Памёр Казімір Нарбут 17 сакавіка 1807 года ў Радзівонішках на Лідчыне, пахаваны там жа.