300 гадоў Францішку Папроцкаму



10 чэрвеня спаўняецца 300 гадоў з дня нараджэння выдаўца, перакладчыка, гісторыка, доктара філасофіі, аўтара навуковых прац па Вялікім Княстве Літоўскім Францішку Папроцкаму (1723-1805).

Гэта Францішак Папроцкі пачаў выдаваць першую перыядычную агульнаінфармацыйную газету ВКЛ «Кур’ер Літоўскі» у красавіку 1760 года.

Францішак Папроцкі быў са шляхецкага роду герба «Ястрабец. Вучыўся ў езуітаў у Полацку. У 17 гадоў уступіў у ордэн езуітаў і праз 10 гадоў напружанай падрыхтоўкі прыняў святарскае пасвячэнне.

У 1753–1756 гадах Францішак Папроцкі працаваў настаўнікам у варшаўскім Collegium Nobilium. Езуіцкія калегіумы, дарэчы, былі лепшымі навучальнымі ўстановамі ў свеце. Канкурэнтная барацьба з піярамі толькі ўзбагачала гэтыя два ордэны, якія выкарыстоўвалі лепшыя дасягненні ў арганізацыі свайго навучання. Collegium Nobilium, толькі што створаная па піярскім узоры ўстанова, была бадай лепшай сярод лепшых, бо канцэнтравала ў сваіх сценах выдатнейшых езуітаў, якія падтрымлівалі цесныя кантакты з навукоўцамі, аб’яднанымі вакол Бібліятэкі Залускіх.

Творчае асяроддзе Collegium Nobilium і Бібліятэкі Залускіх была выдатнай глебай для далейшага ўдасканалення ведаў айца Папроцкага і заахвоціла яго да пісьменніцкай і выдавецкай дзейнасці. Першым яго дасягненнем стаў прысвечаны графу Юзафу Андрэю Залускаму школьны дапаможнік па геаграфіі «Еўропа з частак Свету першая апісаная», выдадзены ў езуітаў у Варшаве ў 1754 годзе. Ён вытрымаў шмат перавыданняў і ў далейшым выкарыстоўваўся ў сістэме Адукацыйнай камісіі. Гэта быў разлічаны на шырокія масы даведнік, у якім змяшчалася інфармацыя пра кожную дзяржаву Еўропы — яе геаграфічнае становішча, межы, адміністрацыйны падзел, галоўныя гарады, прыродныя ўмовы і карысныя выкапні, рэлігіі, штогадовы прыбытак, форму кіравання, колькасць армій, грошы і г.д.

У 1757 годзе ў Вільні ў свет выйшаў першы «Палітычны каляндарык» Францішка Папроцкага. На старонках каляндарыка ішла рашучая барацьба супраць забабонаў і астралогіі, акрамя гэтага, змяшчаліся тэксты найважнейшых законаў краіны, навуковыя і папулярныя артыкулы па гісторыі, астраноміі, геаграфіі і фізіцы.

Беларускае Радыё Рацыя