5 гадоў таму не стала Барыса Кіта



5 гадоў таму ў Франкфурце на Майне (Германія) памёр Барыс Кіт, беларускі навуковец, дзеяч эміграцыі ў ЗША і Нямеччыне.

Барыс Кіт – беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар, распрацоўшчык ракетнага паліва для NASA, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў.

Нарадзіўся ён 6 красавіка 1910 года ў Пецярбургу. Бацька будучага навукоўца паходзіў з Наваградчыны.

Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі ягоны бацька перавёз сям’ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёна. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся ў Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку, быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне.

Барыс Кіт у маленстве

Разам з выкладчыцкай дзейнасцю Барыс Кіт не забываўся і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з “Грамадой” Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы.

У Віленскай беларускай гімназіі. Барыс Кіт стаіць апошні справа

З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.

У час нямецкай акупацыі Барыс Кіт працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладэчне, а пасля ў Паставах. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вялейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне.

У 1948 годзе Барыс Кіт эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, а з 1950 года ўдзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.

Барыс Кіт – прафесар Вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, 1983 год

У пачатку 1990-ых гадоў наведваў Беларусь, прапаноўваў беларускаму ўраду за свае грошы адкрыць беларускамоўны ўніверсітэт, але чыноўнікі адмовіліся, бо ён хацеў, каб універсітэт быў беларускамоўным. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў Германіі. На свае юбілеі ён заўсёды атрымліваў віншаванні ад прэзідэнта ЗША. Пражыў амаль 108 гадоў.

Барыс Кіт і Васіль Быкаў, 2001 год

У інтэрвю’ю Радыё Свабода ў снежні 2017 года Барыс Кіт сказаў: “Беларусам ХХІ стагоддзя я жадаю не забыць сваёй беларускасці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма. Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я не здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль”.

Барыс Кіт з беларускімі кнігавыдаўцамі ў Франкфурце-на-Майне, восень, 2017 г.

Пахаваны на праваслаўнай частцы могілак у нямецкім горадзе Вісбадэне, дзе загадзя выкупіў участак. Паўгода таму на магіле быў пастаўлены шасціканцовы крыж. Яго адмыслова вырабіў каваль з Пастаўшчыны – Юрась Фурс, сын вядомага ўдзельніка беларускага пасляваеннага антысавецкага падполля Антося Фурса. Пасля некаторы час праз пандэмію гэты крыж захоўваўся ў Беластоку ў прафесара Віктара Лашэвіча і ў рэдакцыі Беларускага Радыё Рацыя. Потым праз Варшаву ён быў перапраўлены ў Бельгію і актывістамі беларускай дыяспары з Антвэрпэна і Брусэля ўсталяваны на магіле.

Яшчэ раней, 4 чэрвеня 2008 года ў Наваградскай сярэдняй школе № 1 быў адчынены музей Барыса Кіта. На будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, усталявана памятная дошка. Кіт ёсць ганаровым грамадзянінам Наваградку, ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На жаль, зараз лукашэнкаўскія ўлады ўсяляк выкідаюць імя Барыса Кіта з культурнай прасторы.

Таксама раней выйшлі ў свет дзве кнігі пра славутага навукоўца – “Вяртанне” (1993) і “Космас беларуса” (1996) Лідзіі Савік. У Вашынгтане (ЗША) у капсуле часу, якая будзе адкрыта праз 500 гадоў, ёсць і біяграфія Барыса Кіта. Беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук зняў кінафільм “Барыс Кіт – апошні з магіканаў”.

Слухайце таксама:

„Барыса Кіта палёт на Марс” – рэпартаж Беларускага Радыё Рацыя

Беларускае Радыё Рацыя