50 гадоў таму памёр брытанскі беларус Дамінік Аніська (1888-1971)
Пра Дамініка Аніську піша вядомая даследчыца беларускай эміграцыі Наталля Гардзіенка.

50 гадоў таму памёр брытанскі беларус Дамінік Аніська (1888—1971) Дамінік Аніська нарадзіўся 12 студзеня 1888 г. у в. Слойнікі Сакольскага пав. Гарадзенскай губ. (сёння Падляшскае ваяв., Польшча). У 1906 г. скончыў школу ў Саколцы, увосень 1907 г. быў прыняты на вайсковую службу. Служыў у Гародні да 1909 г. У часе Першай сусветнай вайны — у войску, быў на фронце на тэрыторыі Беларусі. Пасля рэвалюцыі вярнуўся дахаты.
Ад 1920 г. — у польскім войску. Па заканчэнні курсаў падхарунжых у Быдгошчы адпраўлены на фронт у ваколіцы Львова. У 1923 г. звольнены ў рэзервы, працаваў у банку. Друкаваўся ў беларускім часопісе “Хрысьціянская думка”.
У часе Другой сусветнай вайны прызваны ў польскае войска, трапіў у савецкі палон, знаходзіўся ў Гразоўцы Валагодскай вобласці (Расея). Ад 1942 г. служыў у Арміі Андэрса. Да 1946 г. знаходзіўся ў Палестыне, дзе сярод іншага дапамагаў у выданні польскамоўнага часопіса “Tygodnik Katolicki”. Пазней правёў яшчэ год у Егіпце, адкуль у 1947 г. перабраўся ў Вялікабрытанію.
Ад 1949 г. асеў у Лондане. Жыў у Беларускім доме, дапамагаў ім апекавацца.


Дамінік Аніська памёр 28 снежня 1971 г. Пахаваны ў Лондане на St. Pancras Сemetery.

