90 гадоў з дня нараджэння Валянціна Грыцкевіча

Беларускі лекар, гісторык, грамадскі дзеяч беларускага згуртавання ў Пецярбургу Валянцін Грыцкевіч нарадзіўся 30 сакавіка 1933 года ў Мінску ў сям’і інтэлігенцыі – бацька быў настаўнікам, а маці – медыкам. Старэйшы яго брат – Анатоль Грыцкевіч – пазней стаў знакамітым беларускім гісторыкам.
У 1950 годзе Валянцін Грыцкевіч скончыў у Мінску сярэднюю школу, у 1955 годзе – Інстытут замежных моваў (аддзяленне ангельскай мовы), у 1956 годзе – медыцынскі інстытут, у 1957 годзе – гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Такім чынам за надзвычай кароткі тэрмін атрымаў тры вышэйшыя адукацыі ў розных кірунках.
Валянцін Грыцкевіч пэўны час працаваў доктарам ва Узлянах Рудзенскага раёна Мінскай вобласці (1956-57 гады), доўгі час у Мінску (1957-69), потым у Ленінградзе (1969-71), старшым навуковым супрацоўнікам Ваенна‑медыцынскага музея (1971-1995). У 1963 годзе стаў кандыдатам медыцынскіх навук. У 2003 годзе здабыў ступень доктара культуралогіі. З 1980 года выкладаў гісторыю ў Ленінградскім універсітэце культуры, з 1988 года – дацэнт, затым прафесар кафедры музеязнаўства гэтага ж інстытута.
Валянцін Грыцкевіч з 1989 года быў адным з арганізатараў і неадменным старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Пецярбургу. Быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН‑цэнтра, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскага таварыства гісторыкаў медыцыны, замежным сябрам Беларускага таварыства гісторыкаў медыцыны, сябрам Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Грыцкевіч здолеў згуртаваць вакол сябе ў Пецярбургу дэмакратычную сябрыну землякоў, цэлы час трымаў сувязі з радзімай. Быў чалавекам універсальных ведаў, якімі шчодра дзяліўся з іншымі.
Навуковыя даследаванні Валянціна Грыцкевіча прысвечаны гісторыі беларускай медыцыны (кандыдацкая дысертацыя была абароненая ў 1963 г.). Ён аўтар такіх працаў: кнігі «З факелам Гіпакрата», «Адысея наваградскай лекаркі: Саламея Русецкая», а таксама шэрагу біяграфічных выданняў, у першую чаргу беларускай інтэлігенцыі ў замежжы — «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў з Вільні», «Нашы славутыя землякі», «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна», «Эдуард Пякарскі», у тым ліку прысвечаны біяграфістыцы медыкаў – «Успаміны і дзённікі ў фондах ваенна‑медыцынскага музея: Анатаваны каталог», «Ваенныя медыкі – кавалеры ордэна Славы трох ступеняў»; апісанням падарожжаў як гістарычнай крыніцы – «Шляхі вялі праз Беларусь». Працы ў галіне крыніцазнаўства, музеязнаўства і гісторыі турызму (доктарская дысертацыя на тэму «История музейного дела в мире: До конца XVIII в.» абаронена ў 2003 г.): «История туризма в древности», М.-СПб, 2005; «История музейного дела конца XVIII – начала ХХ вв.», СПб, 2007; «История и теория источниковедения», Мн.: БГУ, 2008 (у сааўтарстве). Такім чынам ён вярнуў з нябыту імёны многіх выдатных асобаў. Грунтоўнай працай Валянціна Грыцкевіча ёсць «Гісторыя і міфы» (выданая у Мінску ў 2000 годзе). У ёй можна знайсці такія радкі: «Пераадольваць міфы цяжка і складана. Больш за тое, гэта вельмі няўдзячная справа».
Памёр Валянцін Грыцкевіч 5 сакавіка 2013 года ў Пецярбургу, крыху не дажыўшы да 80 гадоў. Пахаваны на радзіме ў Мінску на Усходніх могілках.