Алена Глагоўская прэзентавала ў Беластоку сваю новую кнігу



У Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку адбылася сустрэча з прафесаркай універсітэту ў Быдгашчы, гісторыкам Аленай Глагоўскай. Яна прэзентавала сваю новую кнігу „За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ільяшэвіча – беларускага паэта, гісторыка і дзеяча”.

Як распавяла аўтарка, праца над кнігай заняла больш за два дзясяткі гадоў. У кнізе шмат дакументаў, лістоў, вершаў, а таксама фотаздымкаў Хведара Ільяшэвіча. Большасць з іх Алена Глагоўская атрымала ад дачкі Хведара Ільяшэвіча – Марыі Марліч:

Гэты архіў вельмі багаты. У сям’і Ільяшэвіча ёсць цэлы альбом. Здымак, які можна пабачыць на вокладцы, не ведаю ці гэта Тапаляны, але вельмі мне нагадвае краявід з Тапалянаў. Там ёсць такая саджалка, такія камяні. Гэты здымак заўсёды стаяў у хаце Надзеі Ільяшэвіч. Калі я размаўляла з дачкой, то яна папрасіла змясціць гэты здымак на вокладку.

Кніга прафесаркі Алены Глагоўскай „За Беларуссю не бачыў свету. Слова пра Хведара Ільяшэвіча – беларускага паэта, гісторыка і дзеяча” выдадзена Беларускім гістарычным таварыствам у Беластоку. Мерапрыемства ладзіла культурніцкае аб’яднанне „Русь”.

Беларускае Радыё Рацыя