Алена Ляшкевіч: Аўтэнтычнае, сапраўднае Купалле я ўжо не заспела
Калі святкаваць Купалле? Якія традыцыйныя святы застануцца? І чым цікавы рэгіён Падляшша для беларусаў? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае фалькларыстка і этнограф Алена Ляшкевіч у гутарцы з Юліяй Сівец.

РР: Сёлета я назірала, што ў многіх краінах свету беларусы адзначылі Купалле. Хтосьці ў Беларусі яшчэ рыхтуецца з 6-га на 7-е святкаваць. І гэта такое адвечнае пытанне і спрэчка: калі ўсё ж такі святкаваць Купалле, у чэрвені, ці ў ліпені?
Алена Ляшкевіч: Як вядома, беларусы маюць двое Калядаў, два Вялікадні. І чаму б не мець два Купаллі? Па астранамічных паказчыках, я не памятаю калі ў нас быў сёлета самы кароткі астранамічны дзень. Мне здаецца, што гэта было 21 чэрвеня. Адпаведна самая кароткая ноч з 21-га на 22-е чэрвеня. Калі прытрымлівацца менавіта астранамічнага календару, то трэба было адзначыць у ноч з 21-га на 22-е. Але мы маем каталіцкі календар, дзе Святога Яна 24 чэрвеня. І ёсць звычай у каталіцкіх мясцінах святкаваць у ноч з 23-га на 24-е. І маем праваслаўныя больш мясціны з Юліянскім календаром, якія звыкліся святкаваць у ноч з 6-га на 7-е ліпеня. Таму мне здаецца, што гэта проста такі купальскі час, калі можна 21-га чэрвеня пачаць святкаваць і 7-га ліпеня скончыць. Як бы, чаму і не ўласна.
РР: Наконт Купалля, калі маем такі перыяд купальскі, ці ў Беларусі дагэтуль фіксуюцца купальскія традыцыі? Я маю на ўвазе не адноўленыя дамамі культуры. Ці ўсё ж такі, напрыклад, у параўнанні з Калядамі, гэта ўжо такое згубленае.
Алена Ляшкевіч: Я адразу скажу, што мне не давялося пабыць на такім сапраўдным, аўтэнтычным вясковым Купаллі. Напрыклад, у маім дзяцінстве, я 1986 года нараджэння, былі Купаллі. У нас у Клічаўскім раёне амаль што ў кожнай вёсцы нешта арганізоўваў мясцовы клуб. У Клічаве нешта арганізоўвалі, але мясцовыя ўлады. Было такое агульнае разуменне пра купальскую ноч, але з 6-га на 7-е ліпеня, што ў гэтую купальскую ноч трэба пайсці дзесьці пагуляць, што калі цябе не пусціла бабуля, таму што ты яшчэ малая, то гэта кепска. Гэта як ёсць разуменне пра Новы год, што трэба яго адзначыць. Так і купальскую ноч. Але такіх Купалляў з аўтэнтычнымі спевамі мясцовага паходжання я ні разу не назірала, не заспела. Але чытала ў навуковай літаратуры, што іншыя даследчыкі фіксавалі, яшчэ ў 1990-х гадах. У прынцыпу на пачатку 21 стагоддзя таксама, але ўжо ў такой форме рэдукаванай. Можна было прыехаць у вёску, запісаць ад бабуль купальскія песні і яны маглі запрасіць пазбіраць зёлкі. І часам старэйшых жанчын маглі запрасіць на такія імпрэзы, арганізаваныя ўстановамі культуры, каб яны там выступілі са сваімі мясцовымі, аўтэнтычнымі песнямі. Але каб гэта было спантаннае свята, людзі самі збіраліся, нешта арганізоўвалі, святкавалі, я б не сказала, што гэта захавалася ў такой традыцыі. Ёсць Купаллі, якія ладзяць суполкі аматараў традыцыйнай культуры. Гэта ўжо пераважна гарадская моладзь. Яны робяць рэканструкцыю Купалля як яно мусіць быць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя