Алесь Чахоўскі пра культурніцкую дыпламатыю і кампанію #art_born_Belarus



На сувязі з Радыё Рацыя з Нью-Ёрку – прадстаўнік Беларускай Рады культуры, дырэктар у справе культурніцкай дыпламатыі Алесь Чахоўскі.

РР: У сацсетках ты анансаваў розныя сустрэчы, якія адбываюцца ў Нью-Ёрку. Пра што гэтыя сустрэчы, якія галоўныя тэмы, што вы закранаеце як прадстаўнікі Беларускай Рады культуры?

Алесь Чахоўскі: Па-першае, мы працягваем актыўна кампанію #art_born_Belarus, гэта кампанія рэідэнтыфікацыі мастакоў беларускага паходжання, сярод якіх Марк Шагал, Хаім Суцін, Леў Бакст, Ян Хруцкі і шмат-шмат хто яшчэ. Што гэта такое і для чаго мы гэта робім? Вы заходзіце ў музей ці галерэю і там напісана: Марк Шагал і падпісана Russia. Які ён Russia?! Гэта габрэй беларускага паходжання. Зразумела, што ёсць шмат дыскусій і спрэчак вакол таго, хто такія беларусы і калі яны з’явіліся, але сэнс у тым, што калі браць наш культурніцкі генафонд, традыцыі, то гэта ёсць чалавек, які падзяляў беларускія традыцыі і каштоўнасці і ў якога душа і сэрца было звязана з Радзімай. Бо калі ўзяць Марка Шагала, то тут ёсць дзве вельмі моцныя рэчы – на шмат якіх творах мы бачым выявы Віцебска, плюс ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў віцебскай мастацкай школы. Якая ў сваю чаргу паўплывала на эвалюцыю выяўленчага мастацтва ва ўсім свеце.

РР: У размове з амерыканцамі табе не задавалі пытанне, а вось навошта табе, каб Шагал называўся менавіта беларусам?

Алесь Чахоўскі: Зараз у прынцыпе ёсць такі трэнд – адыходзіць ад так званай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. І ў гэтым сэнсе вельмі класны прыклад – музей МоМа ў Нью-Ёрку. Гэта музей сучаснага мастацтва. Ён адзін з найбуйнейшых музеяў у гэтай галіне. І зараз па большай частцы пазначаюць, дзе аўтар нарадзіўся, дзе памёр і дзе жыў. У МоМа Шагал падпісаны: French, бо ён меў французскае грамадзянства, калі вымушана з’ехаў з Беларусі, і ён з’яўляецца выбітным прадстаўніком парыжскай школы. Але тут жа праз кропку напісана: born in Belarus. І вось гэта вельмі, на мой погляд, добрая дыпламатычная фармулёўка, якую мы мусім дадаць да ўсіх астатніх мастакоў. Таму што ў той жа залі вісяць працы Хаіма Суціна, там проста напісана: French. Таму ў мяне ўчора была сустрэча з кіраўніком міжнародных праектаў Джэем Левінсанам. Дамовіліся, што я падзялюся даследніцкімі матэрыяламі, у якіх пазначана, чаму варта пазначаць беларускі складнік у подпісах, архівах, у бібліятэках. Вось гэтым мы і займаемся, бо гэта наш культурны базіс, культурны генафонд. І гэта вельмі важна, бо такім чынам мы людзям, якія прыходзяць у музеі, тлумачым, адкуль гэты аўтар. І ў іх карціна Беларусі можа складацца зусім па-іншаму.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя