Аляксандр Чахоўскі распавёў пра працу „Беларускай Рады Культуры”



Увага да культурных дзеячаў з боку ўлады не знікае. Музыкі, акторы, арганізатары імпрэзаў усё гэтак жа засуджваюцца да штрафаў, суткаў арышту, а часам – гадоў калоніі. І нават калі творца з’ехаў з Беларусі, гэта зусім не гарантыя, што далей усё будзе спакойна. Таму падтрымка такім дзеячам насамрэч неабходная. Тут на дапамогу і прыходзіць «Беларуская Рады Культуры».

Аляксандр Чахоўскі

«У нашага аб’ядання заўсёды шмат працы», – прызнаўся нашаму карэспандэнту Марыне Савіцкай выканаўчы дырэктар Рады Аляксандр Чахоўскі.

– Хацелася бы крышачку патлумачыць слухачам наконт таго, чым з’яўляецца Беларуская Рада Культуры, бо вельмі часта існуюць няправільныя меркаванні на гэты конт: хтосьці нас называе Міністэрствам Культуры ў выгнанні, хтосьці думае, што наша задача – проста знаходзіць фінансаванне і раздаваць яго – гэта не так. Нашая арганізацыя стратэгічна зацікаўлена ў тым, каб захаваць беларускую культуру якую руйнуе рэжым, развіць яе, то бок стварыць нейкую інфраструктуру, нетворк, спалучыць розных партнёраў, донараў, інстытуцыі, экспертаў. Ну і канешне фінансавая падтрымка. Адукацыя, абавязкова. І канешне ж адпаведная прамоцыя, каб сапраўды гэтыя праекты нараджаліся ў беларускай культуры. Гэта не толькі гаворка пра акадэмічную, народную, ці традыцыйную культуру, мы гаворым пра ўсе жанры, усе магчымыя віды мастацтва і культуры.

Яшчэ мы зацікаўленыя ў прамоцыі нашай культуры па ўсяму свету. Бо культура – гэта нацыя, культура – гэта мова на якой нацыя размаўляе з сусветам. Таму я спадзяюся, што кожны беларус разумее. Што культура перадусім, што гэта не толькі песні і танцы. Гэта сэнсы, гэта стан мыслення. Тое. Што наша нацыя з сябе ўяўляе. І культура – гэта нейкія сатэліты, рысы гэтага. Таму мы так глабальна і падыходзім. Нашая задача – ствараць інфраструктуру, ствараць арт-мэнэджэраў, дапамагаць творцам, ствараць пэўную навучальную сераду. Знаёміць іх з міжнароднымі партнёрамі, ствараць умовы для міжнародных калабарацый. Таму што сапраўды, беларуская культура вартая ўвагі ва ўсім свеце. Вартая ўвагі, вартая павагі. Мы ўпэўненыя, што менавіта праз культуру мы можам займацца прасоўваннем сваёй краіны. То бок па-сутнасці нашая задача больш амбітная – мы не проста прасоўваем беларускую культуру, а фактычна праз культуру мы займаемся краінавым маркетынгам.

Цалкам размову слухайце ніжэй!

Дарэчы, днямі выйшлі на волю музыкі гурта «Irdorath» Антон Шніп, Юлія і Пятро Марчанкі. Артысты былі затрыманыя 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання Народзінаў вакалісткі гурта, якая разам з мужам яшчэ застаюцца за кратамі. Юлія, Пятро і Антон адбылі тэрміны ў 1,5 гады пазбаўлення волі.
Наогул цяпер за кратамі па палітычных прычынах знаходзяцца больш за 70 культурных дзеячаў Беларусі.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя