Андрэй Дынько: Прынцып ратавання беларускай мовы просты – «Ніхто акрамя нас, беларусаў!»



Над пытаннем, які правапіс беларускай мовы павінен быць пашыраны і чаму людзі масава не пераходзяць да «клясычнага правапісу», паразважалі ўдзельнікі віленскай анлайн-дыскусіі праекта «Дамова».

Параўнанне з Украінай прывёў галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько:

– Трэба гаварыць па-беларуску гнутка. Трэба гаварыць такой мовай, якая была б зразумелай і блізкай максімальнай колькасці людзей. Гэта правільная наша стратэгія на гэтым этапе. Глянем на ўкраінскіх вайскоўцаў на гэтай вайне. Яны гавораць той мовай, якая ім бліжэйшая – расейскай мовай гавораць, з акцэнтам і г.д. На гэтым этапе Украіне важна адстаяць сваю незалежнасць. Вельмі правільна, што ўкраінцы не заганяюцца гэтымі пытаннямі на гэтым этапе. Нам, беларусам, пытаннем правапісу не трэба на гэтым этапе заганяцца.

Паводле Андрэя Дынько, у Новай Беларусі варта паступова і павольна ўводзіць беларускі правапіс, які будзе максімальна ўлічваць інтарэсы носьбітаў мовы ў краіне. А ў беларускіх школах варта навучаць напісанню беларускіх словаў на розных мовах свету.

Беларускае Радыё Рацыя