Андрэй Цяпін: З Еўропай мы дакладна не развітваемся



Андрэй Цяпін – лідар гурта “Tyapin Crew”, арганізатар фэсту салідарнасці палякаў, беларусаў і ўкраінцаў „Opor”/“Супраціў” – выйграў грын карту і з’язджае ў ЗША.

Але да ад’езду музыка усё ж паспее даць некалькі канцэртаў. Так, 14-га жніўня бэнд выступіць на літоўскім фэсце “Budo Rookas” (дарэчы, адзіны з беларускіх калектываў). 20-га жніўня творцаў чакае канцэрт у Варшаве. “Але і гэты яшчэ не ўсё”, – прызнаецца Андрэй Цяпін.

Хачу зрабіць яшчэ адзін выступ у Варшаве, але ён дакладна будзе апошнім у гэтым сезоне. Таму што паўгода сто працэнтаў не з’яўлюся ў Еўропе. Буду неяк абжывацца. Але тут ёсць слухачы, а для музыканта важна быць запатрабаваным, адчуваць, што людзі суперажываюць, і з дапамогай гэтага знаходзіць тыя тэмы, якія хочацца закранаць, таму я ўпэўнены, што з Еўропай мы дакладна не развітваемся.

Якім стане жыццё Андрэя ў ЗША, артыст пакуль не ўяўляе, але верыць, што яго музычная гісторыя абавязкова будзе працягвацца.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя